Вярблю́д (БРС), укр. верблюд, рус. верблюд, ст.-рус. верблюдъ (верблудъ), верьбудъ (вербюдъ) (з XII ст.), польск. wielbłąd, в.-луж. wjelbłud, чэш. velbloud, славац. veľblúd, славен. velblòd, балг. велблюд, ст.-слав. вельбѫдъ, вельблѫдъ. Прасл. velьbǫdъ запазычана з гоц. ulbandus < грэч. ἐλέφας, ἐλέψαντος ’слон’. Першапачаткова, відаць, было vъlbǫdъ, пасля відазмянілася пад уплывам народнай этымалогіі, якая атаясамлівала яго са словамі велии ’вялікі’ (< velьjь) і блѫдити (< blǫditi) ’блукаць’, а ў выніку дысіміляцыі ‑л‑ у складзе вельб‑ з’явілася ‑р‑ (Праабражэнскі, 1, 72; Шанскі, 1, В, 55–56; Фасмер, 1, 293; Кіпарскі, Gemeinslav., 213). Сюды ж вярблю́джы, вярблю́джына, вярблю́дзіца (БРС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)