Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́сьцень ’вусце’ (Бяльк.). Ад ву́сце, аформленае прадуктыўнай суфіксацыяй на ‑ень (Вярхоў, Аб нек. асабл., 33 і наст.); да лакатыўнага значэння параўн. мсцісл. за́расцень ’зараснік’.

Ву́сяка ’вось, якраз’ (Шат.). Са спалучэння вось як шляхам універбацыі, лабіялізацыі о ў пазіцыі пасля в і далучэння прыслоўнага суфікса ‑а; параўн. ту́та (< тут), та́ма (< там) і г. д., або ад вось пры дапамозе «пустога» суфікса ‑ка, як ву́нека ад вунь; параўн. авосе́ка ’вось’ (Шуба, Прыслоўе, 62; Карскі 2-3, 69).

Ву́сякацца ’высмаркацца’ (Янк. II, Мат. Гом.). Гл. вы́сякацца ’тс’.

Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Ву́сяльніца ’вусень’ (навагр., Жыв. сл.). Да ву́сеніца (гл.); адносна суфіксацыі параўн. вучальніквучаннік?).