Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ветурач ’ветэрынарны ўрач’ (КТС, БРС). Да ветэрынар і ўрач (гл.). Запазычана з рус. ветврач.

Ветфе́льчар ’ветэрынарны фельчар’ (КТС, БРС). Да ветэрынар і фельчар (гл.). Запазычана з рус. ветфельшер.

Ветхазаветны: ∼ная кніга (КТС). Паходзіць з рус. ветхозаветный (1789 г.) < ад фразеалагічнага звароту ветхий завет (Шанскі, 1, В, 80).

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Ветэра́н ’стары, бывалы воін; чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне дзейнасці’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vétéran < лац. veteranus < vetus, veteris ’стары’ (Фасмер, 1, 306; КЭСРЯ, 78; Шанскі, 1, В, 78; БЕР, 1, 138; Махэк₂, 686). Не выключана магчымасць запазычання з польск. мовы.

Ветэрына́р (КТС, БРС), сюды ж сапсаваныя дыялектныя формы віціна́р, веціна́р (КТС, Сцяшк. МГ, Мат. Гом.), а таксама ветэрынарыя, ветэрынарны, ветэрынарскі. У бел. мову запазычана з рус. < ням. Veterinär < лац. veterinarius < лац. veterīnus ’цяглавая скаціна’ < першасн. veheterinus < vehere ’ехаць’ (Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 78; КЭСРЯ, 78; БЕР, 1, 138; Голуб-Ліер, 506).