Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мане́бры, мане́брэ ’манеўры’ (драг., КЭС; Сцяц.). З польск. maniebry, якое з manewry ’тс’ < франц. manoevre ’тс’. Сюды ж манябрава́ць < польск. maniebrować < manewrować ’манеўраваць’.

Мане́ж ’памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і да т. п., ’месца верхавой язды’, ’арэна цырка’, ’пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць’, ’поле, дзе абучаюцца вайскоўцы’ (ТСБМ, П. С., Хрэст. дыял., Сцяшк., Смул., Шат., Сцяц.; дзярж., ганц., ДАБМ, к. 238). Запазычана з польск. maneż, якое з франц. manège < італ. maneggio ’кіраванне коньмі’ < італ. mano < лац. manus ’рука’ (SWO, 450; Голуб-Ліер, 301). Рус. мане́ж ’тс’ таксама з франц. мовы самастойным шляхам (Фасмер, 2, 568). Сюды ж мане́жыць ’аб’яжджаць каня паводле правіл манежнай язды’, ’мучыць, таміць’ (ТСБМ, Шат.).

Мане́жыцца ’манернічаць, крыўляцца’ (ТСБМ, Нас.), мане́жыць ’прывучаць, быць пераборлівым у ежы, быць свавольным’ (Нас.), ’балаваць’ (Касп.), манежна ’пястун, пястуха’, манежны ’манерны’ (Нас.), ваўк. манежыць ’выпрошваць’ (Сл. ПЗБ). Укр. маніжитися ’манернічаць’, ’песціцца’, рус. мане́жить ’зазнавацца, фарсіць’, ’песціць, балаваць’, манежный ’манерны, разбалаваны’, ’франтаваты’, польск. manierzyć się (Варш. сл., 2, 877). Кантамінаваная лексема, якая ўзыходзіць да манеж, аформленая пад уплывам манера, манерны і пры ад’ідэацыі нежны.

Мане́й ’хлус, манюка’ (Янк. 1). Да мані́ць ’хлусіць’. Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36.

Мане́р ’спосаб дзеяння, лад, узор’ (ТСБМ, Яруш.), ’характар’ (паўн.-усх., КЭС). З польск. manier ’спосаб’, якое з ням. Manier < франц. manière ’тс’ < нар.-лац. manuāria ’спрытнасць рук’ < manus ’рука’.

Мане́ра ’спосаб дзеяння, прыём’, мане́ры ’сукупнасць прыёмаў’, ’знешнія формы паводзін, спосаб трымацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.; шальч., Сл. ПЗБ), мане́рны ’прыгожы з выгляду’ (Нас.). З польск. maniera (maniery), якое непасрэдна з франц. manière (Кюнэ, 75; SWO, 450; Фасмер, 2, 568).

Мане́рка ’паходная металічная пляшка з накрыўкай, або біклажка’, ’круглая бляшанка’ (ТСБМ, Яруш., Касп.; шальч., Сл. ПЗБ), ’высокая банка з носікам’ (Ян.), ’гарнушак, рандэляк’ (Сцяшк.), ’бляшаная пасудзіна, у якую наліваюць газу, дзёгаць, алей’ (парыц., Янк. Мат.). З польск. manierka (або з рус. мане́рка) ’паходная біклажка ці пляшка для віна, гарэлкі’, якія з ням. Manöverflasche (Manöver ’манеўры’ + Flasche ’бутэлька’) (Варш. сл., 2, 873).

Мане́та ’металічны грашовы знак, металічныя грошы’ (ТСБМ), ст.-бел. манета, монета, манита, монита, монэта ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 86). Запазычаны са ст.-польск. moneta, якое з лац. monēta ’прадказальніца’ < monēre ’прадказваць, прадракаць’. Monēta — эпітэт багіні Юноны, якая папярэдзіла рымлян пра землетрасенне.

Мане́ўр ’перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку’ (ТСБМ). З польск. manewr, якое з франц. manoeuvre ’зручны ход’.

Манец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (маг., Кіс.). Да маніць (гл.). Матывацыя наймення няясная. Параўн. таксама лгане́ц (гл.).