Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свякро́ў ‘маці мужа’ (ТСБМ, Стан., Сл. ПЗБ), свякро́ва ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свякрывя́ ‘тс’ (Гарэц.), свякро́ўка ‘тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), свякру́ха (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), свякра́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свекро́ў, свекру́ха ‘тс’ (ТС), укр. свекру́ха, рус. свекро́вь, дыял. свекры́, свекро́ва, стараж.-рус. свекры, Р. скл. свекръве, польск. дыял. і старое świekra, ст.-польск. świekrzew, świekrucha, świokra ‘свякроў; цешча’, ст.-чэш. swekrev, svekruše, славац. svokra, svokruša, серб.-харв. све̏кърва, славен. svȇkrv, svekrva, балг. свекъ́рва, макед. свекрва ‘тс’. Прасл. *svekry, Р. скл. *svekъrve. Адпаведнікі ў новаперс. xusrū, лац. socrūs, ст.-в.-ням. swigur ‘свякроў’, арм. skesrair, skesur ‘тс’ (Траўтман, 296; Торп, 544; Майргофер, 3, 400). На падставе роднасных форм рэканструюецца і.-е. *svék̂uros. Нявырашаным застаецца пытанне аб цвёрдасці ‑к‑ у славянскім слове. Педарсэн (BB, 19, 302) мяркуе, што было дзве формы і.-е. *svék̂uros і *svekrus, адкуль можна было тлумачыць слав. к. Ісачанка (Slavia, 1953, 65) дапускае існаванне прасл. *svesry: *sve‑ ‘свой’, дзе другая частка слова ў выніку народнай этымалогіі была заменена на ‑kry пад уплывам *kry ‘кроў’ (параўн. польск. krewni ‘родзічы’ = “кроўныя”). Падрабязна гісторыю слоў гл. Трубачоў, История терм., 118 і наст., Шаўр, Etymologie, 41–44 (паводле яго, зыходныя формы абазначалі як бацьку, так і маці мужа, гл. свёкар). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 572; Махэк₂, 595; БЕР, 6, 539.

Свяло́ ‘чаранок’: трэба свяло на качаргу насадзіць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны назоўнік ад свянаць ‘асаджаць’ (гл.) ці свянуць ‘блякнуць, выцвітаць’ (Ласт.), што звязана з вянуць, вяліць (гл.) — пры дапамозе завяльвання кіёк рабіўся больш моцным.

Свяна́ць (свѣнаць) ‘асаджваць вылятаючы з вулля рой, які заўсёды садзіцца накшталт вянка’ (Нас.), свяна́цца (свѣна́цьца) ‘садзіцца (аб пчаліным раі)’ (Нас.). Насовіч параўноўваў гэта слова з вянец, якое далей звязана з віць (гл.). Параўн. таксама рус. вен ‘вянок’ і свенка (гл.). Менш верагодна, аднак фармальна бліжэй, сувязь з с.-балг. свѣнити сѧ ‘адхіляцца’, што да ст.-слав. свѣнѥ ‘прэч, вонкі, акрамя, збоч’, параўн. БЕР, 6, 540; Фасмер, 3, 572.

Свяно аргат. ‘свята’ (Рам.). З польскай (Рам., 9, 5), г. зн. з swięto з некаторым пераўтварэннем.

Свянці́ць ‘асвячаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), свянцо́ны ‘асвячоны’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), свянцо́нка ‘прадукты, якія свяцілі’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.). З польск. swięcic ‘тс’, swięcony, swięconka. На беларускай глебе ўтворана свянца́ць ‘свянціць’ (Скарбы).

Свя́ны ‘бляклы, бясколерны’ (Ласт.), разам з сьвя́нець ‘блякнуць’, сьвя́нуць ‘выцвітаць, блякнуць, рабіцца цьмяным’ (Ласт.) да вянуць (гл.). Параўн. макед. свене ‘звянуць, выклікаць вяласць’, свенува ‘блякнуць, вянуць’.

Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.

Свярбі́га, свербі́га ‘тс’ ‘свірэпа звычайная, Barbarea vulgaris R. Br.’ (Дэмб. 1; маг., Кіс.; Гарэц., Касп.). Укр. сверби́га ‘свярбігуз, Bunias orientalis’, рус. сверби́га ‘тс’ і ‘палявая гарчыца’. Ад асновы сверб‑ з суф. ‑іг(а); гл. Праабражэнскі, 2, 257. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), у дзеяслове ад кораня сверб‑ заключана і значэнне ‘драць’, якое перадае смакавае адчуванне ад гэтых горкіх раслін. Гл. свярбець.

Свярбігу́з ‘дзікая рэдзька, Bunias orientalis L.’, свербігу́з (Касп., Дэмб. 1), ‘свірэпка, Barbarea Beck.’ (Гарэц., Кіс.). Укр. свербигу́з ‘расліны Bunias L., Torilis enthryscus’, ‘шыпшына’, рус. паўдн. свербигу́з ‘свірэпка’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 81), ад кораня сверб‑ і назоўніка гуз (гл.), што тлумачаць раздражненнем задняга праходу, асабліва пладамі шыпшыны (ЕСУМ, 5, 188).

Свяржывы ‘?’: (бульба) падобная па скараспелку, але дужа свяржывая (Полымя, 1999, № 12, 131). Няясна; магчыма, звязана з рус. сверёжий, свярёжий ‘бойкі; моцны’, адносна паходжання якога выказваюцца розныя думкі, гл. Фасмер, 3, 574 (кантамінацыя свежий и тверёзый); Этим. иссл., 1978 (вытворнае ад *verti ці *verzti).