Гаспо́да ’гаспадарка, двор’ (БРС), ’унутранасць панскага дома’ (Нас.), ’хата гаспадара, чужая хата’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. госпо́да, але рус. господа́ (мн. л. да господи́н), далей польск. gospoda, чэш. hospoda, ст.-слав. господа ’гасцініца’, серб.-харв. (зборны назоўнік) госпо̀да. Прасл. *gospoda па паходжанню зборны назоўнік да *gospodь ’пан, гаспадар’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 58–59; Слаўскі, 1, 324.
Гастрано́м ’гастраном’ (БРС), гастрано́мія. Рус. гастроно́м, гастроно́мия, укр. гастроно́м, гастроно́мія. Запазычанне з франц. gastronome, gastronomie (< грэч.). Гл. Шанскі, 1, Г, 37–38.
Гастро́ль, гастро́лі (БРС). Рус. гастро́ль, гастро́ли. Запазычанне з ням. Gastrolle (Gast ’госць’, Rolle ’роля’). Шанскі, 1, Г, 37.
Гасуда́р ’гасудар’ (БРС). Рус. госуда́рь. У бел. мове, відаць, запазычанне з рус. Рус. слова ўзнікла трансфармацыяй лексемы господарь. Фасмер, 1, 448; Шанскі, 1, Г, 150.
Гасці́нец ’падарунак’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), таксама ’бальшак, тракт’. Утварэнне яшчэ ў прасл. мове ад прыметніка *gostinъ (да *gostь ’госць’). Агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 65–66. Гл. Слаўскі, 1, 327; Шанскі, 1, Г, 149.
Гасці́ніца ’гасцініца’ (БРС). Слова, вядомае з даўняга часу ў слав. мовах (напр., ужо ў ст.-слав. мове). Агляд матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 7, 64. Утварэнне суфіксам *‑ica ад прыметніка *gostinъ (да *gostь).
Гатава́льня ’гатавальня’ (БРС). Укр. готова́льня. Запазычанне з рус. готова́льня ’тс’, якое ўзята з польск. мовы (спачатку мела значэнне ’туалет з рознымі прадметамі’). Польск. gotowalnia пранікла ў рус. мову ў XV ст. Падрабязна Шанскі, 1, Г, 151.
Гатава́цца ’кіпець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з польск. gotować się ’тс’. Няпэўна.
Гатаві́зна ’гатоўка’ (Нас.). Ст.-бел. готовизна ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Укр. готови́зна ’тс’. Запазычанне з польск. gotowizna ’тс’ (да gotowy); так Булыка, Запазыч., 85. Трубачоў (Эт. сл., 7, 70) мяркуе, што гэтыя лексемы адносяцца да прасл. *gotovizna, але геаграфія слоў на ўсх.-слав. глебе сведчыць аб запазычанні.