Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свірбу́ль ‘птушка снягір’ (Сцяшк.). Паводле Цыхуна (Лекс. балтызмы, 53), літуанізм, параўн. літ. žvírblis, žvírbilis ‘верабей’. На думку Лаўчутэ (Балтизмы, 72), не выключана, што крыніцай магло быць і лат. žvirbulis ‘тс’.

Свіргу́ль ‘стрыж, Apus apus L.’ (ушац., бяроз., ЛА, 1; Ласт.). Утворана пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑уль‑ ад гукапераймальнага дзеяслова свіргата́ць ‘шчабятаць’ (ТСБМ) як суб’ект дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 67), параўн. таксама свыргота́тэ ‘цвыркаць’ (драг., Нар. словатв.), укр. сверготі́ти ‘тс’, польск. świergotać, szwargotać ‘тс’, якія паводле Брукнера (536; гл. таксама ЕСУМ, 5, 188, 195), утвораны на польскай глебе, што цяжка давесці, паколькі чаргаванне глухіх і звонкіх зычных у гукаперайманняў — звычайная з’ява ў славянскіх мовах. Параўн. наступнае слова.

Свірку́н ‘цвыркун’ (Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), свіргу́н (свэргу́н) ‘тс’ (Дразд., Шатал.), свергу́н, свіргу́н ‘тс’. Укр. дыял. свіргу́н ‘тс’, рус. дыял. свирку́н ‘тс’. Ад гукапераймальнай асновы свірк‑/свірг‑ (гл. свірчэць) з суф. ‑ун‑. Адносна суфіксацыі параўн. Слаўскі, SP, 1, 134.

Свіро́ўка ‘рыбалоўная трохсценная сетка’ (палес., Крыв.; Браім, Рыбалоўства, 45). Няясна. Відавочна, можна супаставіць з рус. арх. свира́ть ‘звязваць разам сеці’, сви́рываться ‘звівацца разам ад хвалявання (аб стаўных сетках)’, якія далей Сабалеўскі (РФВ, 14, 299) звязвае з рус. свора, сворка, гл. шворка, вор2 і Фасмер, 3, 583.

Свірсту́н ‘нейкая птушка’ (хойн., Арх. ГУ), ‘птушка конік, Anthus Bechstein’ (Інстр. 2), свырсту́н, свэрсту́н ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1). Аддзеяслоўны назоўнік, у аснове дзеяслоў тыпу рус. свирестеть ‘рэзка свісцець, што да *svьr‑, гл. сві́рчэць. Параўн. Антропаў, Назв. птиц, 349.

Свірстуны́ ‘свежына’: Свірстуноў прыняслі пакаштаваць. Свірстуны — кусок мяса, сала (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. сквярста.

Свірчэ́ць ‘утвараць гук са свістам пры палёце, руху і пад.’, свірча́ць ‘цвыркаць’ (Нас.), свыршя́ты ‘тс’ (драг., З нар. сл.), свыршы́ты (Клім.). Укр. цвірчати́, цві́ркати, рус. сверча́ть, дыял. сверша́ть, польск. ćwierczeć, ćwierkać ‘цвыркаць’, в.-луж. šwórknyć ‘муркаць, свісцець’, н.-луж. šwarcaś, šwarkaś ‘тс’, šwyrcaś ‘свісцець, гусці’, чэш. svrčeti, cvrčeti ‘цвыркаць’, славац. svrčať ‘тс’, серб.-харв. цвр́чати ‘шчабятаць’, славен. cvrčáti, cvŕkati, cvr̂kam ‘пранізліва крычаць, трашчаць, шчабятаць’, балг. цвърча́ ‘шчабятаць’. Ад гукапераймальнай асновы *svьrk‑/*cvьrk‑ з рознымі экспрэсіўнымі нарашчэннямі (Фасмер, 3, 574 і наст.; Борысь, 107). Роднасныя літ. švìrkštu, švìrkšti ‘гусці, свісцець, пішчаць’, švar̃kšti, švarkšciù ‘кракаць’, лат. svir̃kstêt ‘патрэскваць, свісцець’; гл. Праабражэнскі, 2, 258; Міклашыч, 305, 330; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1161. Параўн. цвыркаць, чыркаць.

Сві́ршня ‘вага або вочап у студні з жураўлём’ (воран., лід., ДАБМ, камент., 809–810), сьвіршня́ (ашм., Стан.), ‘вал з ручкай у калодзежы’ (Сцяшк.), сві́рсня ‘вага або вочап у студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809–810), свіршня́, свяршня́, свірсня́ ‘журавель у студні’, ‘вага ў студні з жураўлём’ (Сл. ПЗБ). Балтызмы. Параўн. літ. svirksnis, svirksnỹs, лат. svir̃kstenis, svirkstene ‘прыстасаванне для пад’ёму вады з калодзежа’ (Лекс. балтызмы, 15; Лаўчутэ, Балтизмы, 50; Анікін, Опыт, 91). Гл. таксама асвер, свер, свір.

Свіршч ‘дзірачка, якая праточана чарвяком’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад свірашчэ́ць ‘выдаваць рэзкі прарэзлівы голас’ (Ласт.), параўн. свісту́н ‘пусты арэх з дзірачкай’ (Нас., Касп.). Параўн. таксама іншае ўтварэнне ад таго ж дзеяслова — свіраст (свіра́ст) ‘рэзкі прарэзлівы гук’ (Ласт.). Гл. свірчэць.

Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шка ‘газоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.