Гары́нка ’узгорак’ (Бяльк.). Параўн. рус. дыял. горы́ня ’гара’ (СРНГ, 7, 79–80). У аснове ляжыць *gorynь (да *gora + суфіксацыя ‑ynь). Параўн. і назву р. Горынь у Фасмера, 1, 445.
Гары́пні ’назва гульні гарэлкі’, гары́пень ’той, хто застаўся без пары ў гэтай гульні’ (Нас.). Ад прыпеву «гары пень» у гэтай гульні (апісанне гл. у Насовіча).
Гары́ца ’невялікая горка’ (Сл. паўн.-зах.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 45) разглядае прасл. *gorica (памянш. ад *gora), але без бел. матэрыялу.
Гарыцве́т ’расліна гарыцвет’ (БРС). Рус. горицве́т, укр. горицві́т, горе́цвіт, польск. gorzekwiat, чэш. hořikvět, балг. гори́цвет і г. д. Трубачоў (Эт. сл., 7, 46) прыводзіць вялікі матэрыял з розных слав. моў і выстаўляе праформу *gorikvětъ (складанае слова: імператыў ад *gorěti + *kvetъ).
Гары́чык ’агароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе’ (Яшкін). Незразумелае слова.
Гарэ́за ’свавольнік, пракуда, вісус’ (Нас., БРС, Шат.), таксама гарэ́знік (Нас., БРС), гарэ́злівы, гарэ́зны, гарэ́заваць, гарэ́знічаць, гарэ́зіць (Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., БРС). Рус. дыял. зах. гаре́за (СРНГ). Этымалогію прапанаваў ужо Насовіч: гарѣза ’свавольнік, распуснік, дураслівец’ ад герезія ’ерась’, а гарѣза ’натурысты’ ад гаркаць. Тлумачэнне Насовіча (запазычанне з польск.) для гарэ́за ’свавольнік’ падтрымліваецца тым, што польск. herezja (< лац. мовы, гл. Слаўскі, 1, 416–417) у гаворках мае значэнне ’скандалы, дэбошы’ (Карловіч).
Гарэ́лка 1 ’гарэлка’ (да гарэ́ць) (БРС). Відавочна, запазычанне з рус. горе́лка ’тс’.
Гарэ́лка 2 ’гарэлка, спіртны напітак’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́лка, укр. горі́лка. Утварэнне па польскаму узору: польск. gorzałka (да *gorzały ’гарэлы’ < gorzeć ’гарэць’). Гл. Фасмер, 1, 440; Слаўскі, 1, 322. Падрабязна Сцяц. Нар., 72.
Гарэлка 3 ’адтуліна ў бучы’ (Сл. паўн.-зах.). Магчыма, метафара да гарэ́лка 1 (паводле знешняга падабенства з варонкай).
Гарэ́лкі ’назва гульні’ (БРС, Бяльк.). Рус. горе́лки ’тс’. Да гарэць ’гарэць’ (гэта слова паўтараецца ў гульні). Гл. Фасмер, 1, 440 (там і апісанне гульні); Шанскі, 1, Г, 132 (некалькі іншае тлумачэнне). Параўн. іншую назву гэтай гульні — гары́пні (гл.).
Гарэ́лы 1: «Горѣлаго шелига не стоишь» (Нас.). Насовіч мяркуе, што гарэ́лы ў гэтым сэнсе мае сувязь з гале́лы ’шелег (манета)’, гл.
Гарэ́лы 2 ’карычневы, руды’ (Сл. паўн.-зах.). Па паходжанню метафара: ’абгарэлы’ — ’абгарэлы, карычневы’ — ’карычневы’.
Гарэ́м ’гарэм’ (БРС). Рус. гаре́м, укр. гаре́м. Запазычанне з усх. моў (першакрыніцай з’яўляецца араб. ḥarām ’забаронены’) праз франц. harem ’гарэм’. Гл. Фасмер, 1, 393; Шанскі, 1, Г, 29.