Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рабро́, рыбро́, ра́бро ’частка скелету’, ’выгнутая частка каркасу’, ’край ці бок прадмета’ (ТСБМ, Сержп. Казкі; кам., докш., крыч., хойн., леп., арш., Сл. ПЗБ), ’спінка ў ложку’ (паст., ЛА, 4), рус. ребро́, укр. ребро́, польск. żebro, чэш. žebro, řebro, славац. rebro, в.-луж. rjebło, н.-луж. robro, robło, палаб. rebrǘ, славен. rẹ́bro, балг. ребро́, макед. ребро, ст.-слав. ребро. Роднаснае да ст.-в.-ням. ribbi ’рабро’, hirni‑reba ’чэрап’, ст.-сакс. ribbi(i), грэч. ἐρέφω ’пакрываць дахам’, ὀροφή ’дах’. Зыходным значэннем і.-е. *rebh‑ было ’пакрываць купалам, дахам’, ’пакрываць’ (пра скляпенне, дах, грудную клетку) (Покарны, 1, 853; Чарных, 2, 102; Фасмер, 3, 453–454). Сюды ж вытворныя рабры́на ’адно рабро’ (ТСБМ; чэрв., зэльв., паст., Сл. ПЗБ; Шушк.), рабры́нка ’рабрына’, ’мяса грудной часткі тушы’, рабрына́ ’рабро’ (Сцяшк.), рабры́ны, рабе́рцы, рабёркі ’рэбры ў кошыку’ (КЭС).

Рабры́на ’драбіны’ (кобр., жабін., малар., ЛА, 4; брэсц., міёр., Нар. словатв.), рабрэ́на ’драбіна’ (драг., ЛА, 4), rebryna ’тс’ (пін., Кольб.). Утворана ад рабро́ (гл.) з дапамогай суф. ‑ын‑а ў выніку метафарычнага пераносу назвы па знешнім падабенстве або пераробкай драбіна (гл.).

Рабу́ля ’ластаўка’ (Сцяшк. Сл.), ’рабая або пярэстая карова’ (ТС). Утворана ад рабы́ (гл.) з дапамогай суф. ‑ул‑я, як рагу́ля ад рага́ты (Сцяцко, Афікс. наз., 122–123).

Рабу́нак ’гвалтоўны захоп чужой маёмасці’, ’грабеж’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Варл.). Старое адаптаванае запазычанне (‑ung > ‑unek > ‑унак) з польск. rabunek ’тс’, што ўзыходзіць да с.-в.-ням. rouben (Нававейскі, Zapożyczenia, 83, 261), параўн. паку́нак, малюнак.

Рабу́сі ’дзікія пчолы, якія крадуць мёд’ (воран., Сцяшк.). З польск. rabuś ’рабаўнік’, параўн. іншую назву: зладзейкі (навагр., там жа).

Рабу́ха1 ’рапуха’ (слуц., ашм., ЛА, 1). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад рапу́ха (гл.) на базе рабы́ (гл.), параўн. раба́я жа́ба ’рапуха’ (капыл., петрык., ЛА, 1).

Рабу́ха2 ’пярэстая жывёліна’, ’рабая жанчына’. Ад рабы́ (гл.).

Рабу́ха3 ’грыб Panaeolina’ (Сярж., Грыбы). Ад рабы́ (гл.), паколькі грыб мае чырвона-рудыя (рабыя) пласткі.

Рабу́шка1 ’саматканая спадніца’, ’завітая намітка на галаве ў выглядзе шапачкі’ (ТС, Нар. лекс.), ’спадніца з палатна, тканага ў клетку’ (Малчанава, 136), рябу́шкі ’саматканыя спадніцы’ (віц., ДАБМ, камент.). Сюды ж, відаць, і рабу́шка (рябушка) ’абруч з бяросты як частка галаўнога ўбору замужняй жанчыны’ (ТС). Ад рабо́к (гл.).

Рабу́шка2 ’клін у пярэднім навоі’ (Ян.). Няясна. Магчыма, нейкім чынам звязана з серб. ра̑бош, ра̑буш, харв. rȃboš ’бірка’, балг. ра́бош, рабу́ш ’тс’, параўн. таксама балг. ръбу́шка ’зарэз, пазнака на нечым’.

Рабушо́к, рабу́шчык ’верабей’ (драг., ЛА, 1). Узнікла ад верабе́й (гл.) з адпадзеннем пачатковага в‑ і пры дапамозе суф. ‑уш‑ок. Або ад орабу́шок (бяроз., ЛА, 1), орабу́шкы (івац., ЛА, 1) з адпадзеннем пачатковага о‑, параўн. рус. воро́бышек.

Ра́бчык1 ’лясная птушка’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ; Ян., ТС), рабе́ц ’рабчык’ (Гарэц.), рабо́к ’рабчык’ (Дразд.), ра́бка ’самка рабчыка’, ’плямістая карова’ (ТС), ст.-бел. рабецъ, рябецъ, рус. ря́бчик, укр. ря́бчик, о́рябка, польск. jarząbek, чэш. jeřábek, в.-луж. wjerjabka, балг. я́ребица ’курапатка’, літ. jerubė̃. Узыходзяць да і.-е. кораня *ē̆reb(h)‑: *ō̆reb(h)‑ (на агульнаславянскай глебе з назалізаваным e: *(j)eręb‑), які меў значэнне цёмна-чырвонага і бурага колераў, параўн. ст.-в.-ням. erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, ’буры’ (Покарны, 1, 334).

Ра́бчык2 ’клін у заднім навоі’ (Ян.). Няясна, параўн. рабу́шка2 (гл.).

Ра́бчыкі ’бульба, зрэзаная з аднаго боку, каб заходзіла соль’ (Ян.). Другасна збліжана з рабы́ (гл.) з няяснай матывацыяй.