Мане́та ’металічны грашовы знак, металічныя грошы’ (ТСБМ), ст.-бел. манета, монета, манита, монита, монэта ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 86). Запазычаны са ст.-польск. moneta, якое з лац. monēta ’прадказальніца’ < monēre ’прадказваць, прадракаць’. Monēta — эпітэт багіні Юноны, якая папярэдзіла рымлян пра землетрасенне.
Мане́ўр ’перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку’ (ТСБМ). З польск. manewr, якое з франц. manoeuvre ’зручны ход’.
Манец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (маг., Кіс.). Да маніць (гл.). Матывацыя наймення няясная. Параўн. таксама лгане́ц (гл.).
Ма́нечкі ’пралеска звычайная, Hepatica nobilis Garsault.’ (стол., Бейл.). Ад імя Маня. Параўн. аналагічна васількі, цімафееўка, пятрушка, куліна, вераніка, валяр’ян, рус. анютины глазки.
Манжэт, манжэта ’абшлаг рукава кашулі, блузкі, калашыны штаноў і інш.’ (ТСБМ, Яруш.). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 79) з франц. manchette ’рукаўчык’ — памянш. manche ’рукаў’, якое з лац. manica ’рука’ (Фасмер, 2, 568–569; Голуб-Ліер, 302).
Манікю́р ’чыстка і паліроўка ногцяў на руках’ (ТСБМ). З рус. маникюр ’тс’, якое з франц. manicure < с.-лац. manicura, складзенае з лац. manus ’рука’ і сига ’клопат’.
Мані́р ’манеж’ (лун., Нар. сл.). Да мане́ж (гл.), якое ў выніку народнай этымалогіі разумелася як польск. manierz < прасл. maněrь.
Мані́са ’меліса’ (карэліц., Нар. словатв.). У выніку кантамінацыі лексем мелі́са і мана́ ’пах’ (параўн. тлумачэнне інфарматара: новы вулей перад тым, як у яго заганяюць рой, націраюць манісаю, бо пчолы вельмі любяць гэты пах).
Мані́ст ’цыкута ядавітая, Cicuta virosa L.’ (Бес.). Няясна. Магчыма, да мана́ ’зман, насланнё, чары’. Параўн. аналагічнае польск. szaleń, szalej (ад szaleć ’шалець’), чэш. bolehlav velký, укр. бішениця, дурі́йка ’вех, цыкута’. Старажытны суфікс ‑isto (?).
Мані́сты 1 ’духмяны’ (ваўк., лях., Сл. ПЗБ). Прыметнік да мана́ (гл.). Параўн. таксама рус. калуж. манна́ст ’прыемны пах’, манна́стый ’тонкі (пра смак, пах)’.
Мані́сты 2, тураў. маніста, паўд.-усх. маніста ’упрыгожанне з пацерак, манет, каштоўных камянёў’, ’пацеркі’, ’каралі’ (ТСБМ, Янк. 1, Шпіл., ТС; кір., Нар. сл.; жытк., лоеў., добр., Мат. Гом.). Укр. мони́сто, нами́сто, рус. мони́сто ’тс’, наўг. ’нашыйная касынка’, разан. ’нізка чаго-небудзь’, палаб. müönéistʼa ’карал’, балг. мони́сто, ст.-слав. монисто ’каралі’. Да і.-е. *moni‑ ’шыя’: лац. monīle ’каралі’, ’конская грыва’, ст.-інд. manyā ’патыліца’, ст.-в.-ням. menni ’каралі’, ірл. miuntore ’тс’, muinēl ’шыя’, ст.-грэч. μάννον, μαννάκιον, μόννο ’каралі’ (Бернекер, 2, 76; Фасмер, 2, 650). Сюды ж мані́стка ’нізка тытунёвых ці кляновых лістоў’ (Бір. Дзярж.).