Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Верадава́ць (Бяльк.) ’дэспатычна распараджацца кім-небудзь’. Параўн. укр. вередува́ти ’капрызіць і да т. п.’, вереди́тся ’фанабэрыцца’. Параўн. і рус. привере́дничать ’капрызіць’, привере́дливый. Як думае Рудніцкі (1, 351), гэта слова належыць да ве́рад ’рана, нарыў і да т. п.’ верадзі́ць (гл.).

Верадзі́ць (БРС, Нас.). Рус. вереди́ть, укр. вереди́ти, польск. wrzedzić, чэш. vřediti, балг. вредя́, серб. вре́ђати і г. д. Прасл. *verditi ’верадзіць’ — утварэнне ад *verdъ ’верад’ (гл.) (Праабражэнскі, 1, 73; Фасмер, 1, 295).

Ве́раме ’час’ (Нас.: ве́реме). Адносіцца да прасл. *vermę ’час; пагода і да т. п.’ (укр. ве́ремє, ст.-рус. веремя, ст.-слав. врѣмѧ, балг. вре́ме, серб.-харв. вријѐме, славен. vréme). Агляд этымалогій гл. Фасмер, 1, 361–362. Гл. яшчэ Ісачанка, Зб. Гаўранку, 1, 120–121; Матл, там жа, 143–144.

Верані́на ’вінегрэт’ (Бяльк.); ’лямешка’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. верени́на ’каша з мукі’. Падрабязна аб паходжанні слова гл. Трубачоў, Slavia, 29, 19. Слова можна вывесці і ад дзеяслова тыпу рус. дыял. верени́ть ’спешна што-небудзь рабіць’ (параўн. «верени́на — это муки насыпают, ды в кипяток» — СРНГ). Але не выключаецца, што верабі́на, верени́на < варенина. Параўн. рус. дыял. варе́нина ’варанае пойла для жывёлы’, варе́нина ’варанае мяса’. Адносна фанетыкі параўн. бел. дыял. верэ́нік (< варэ́нік).

Верані́ца ’чарада’ (Касп.). Параўн. рус. верени́ца ’чарада, натоўп, гурт, рад’. Меркаванні аб этымалогіі гл. Фасмер, 1, 296.

Ве́рас. Укр. ве́рес, рус. ве́реск, ве́рес, польск. wrzos, чэш. vřes (дыял. таксама břez), серб. вре̑с, вре̑сак і г. д. Прасл. *versъ ’верас’. Роднасныя: лат. vìrsis, vir̂zis, літ. viržỹs ’верас’, vir̃kščiai ’моцнае бадылле бульбы і да т. п.’, лат. virksne ’куст бульбы’, грэч. ἐρείκη (*u̯er‑) ’верас’, ірл. froech ’тс’. Балта-слав. формы ўказваюць не толькі на першапачатковае прасл. *versъ, але і на *verzъ (чэш. дыял. břez, літ. viržỹs, лат. vir̂zis), *verskъ (рус. ве́реск, літ. vir̃kščiai, лат. virksne < *virsk‑), што можа сведчыць аб «праеўрапейскім» паходжанні слова, *versъ, *verzъ < і.-е. *u̯erk̑‑, *u̯erg̑‑. Гл. Фасмер, 1, 296; Траўтман, 362; Фрэнкель, 1264; Махэк₂, 702.

Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресеньве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêt ’квакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.

Ве́рацень ’гоні’ (Жд., 2, Яшк.), вераце́нь ’загон’ (Сцяшк. МГ). Параўн. вератні́к ’частка поля’ (Касп.); ’доўгі загон’ (Яшк., Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і вераце́я (г. зн. звязана з *vьrtěti: *vertьnь).

Вераце́я ’ўзгорак сярод балота’ (Касп.); ’падрыхтаванае пад поле месца; вугал або клін поля’ (Яшк.). Рус. верете́я́, вере́тье, вере́тия і г. д. Падрабязны агляд форм і этымалогію ў рус., бел. і славен. мовах дае Талстой (Геогр., 129–134). Слова лічыцца звязаным з слав. *vьrteti (: *vertьje, *vertьja). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 297.