Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.

Све́тнік ‘расліна Coronaria L.’ (ТСБМ, Кіс.), ‘жаўтацвет, Adonis L.’ (ТСБМ). Ад свет (гл.). Назва дадзена па форме кветак, якія нагадваюць ліхтарыкі, або з-за іх яркасці, параўн. светнік росце по горках, здалек вон видно (лельч., Арх. ГУ).

Све́тніца ‘мноства, безліч’: на базары яблыкаў светніца (слонім., Нар. словатв.). Да свет (гл.) у адпаведным значэнні.

Све́чка ‘палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам у сярэдзіне, якая служыць для асвятлення’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк.), ‘капелька тлушчу на паверхні вадкай стравы’ (смарг., паст., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Барад.; рас., Шатал.), свяча́ ‘свечка’ (Нас., Ласт.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасны’ (ТС), сві́чкі ‘перыяд ад каляд да вадохрышча’ (Сл. Брэс.), све́чнік ‘падсвечнік’ (Ласт., ТСБМ), сьве́чня ‘тс’ (Ласт.), свеча́к ‘светач’ (лях., Сл. ПЗБ). У большасці гаворак ужываецца памяншальная форма ад свяча; параўн. укр. свіча́, рус. свеча́, ст.-рус. свеча, польск. świeca, в.-луж. swěca, н.-луж. swěča, чэш. svíce, славац. svieca, серб.-харв. свијећа, славен. sveča, балг. свещ, макед. све́ка. Прасл. *světja ад асновы *svet‑; гл. Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 596, Сной₁, 622. Параўноўваюць з ст.-інд. svetyás ‘белы, светлы’, svetyá; гл. Уленбек, 323; Траўтман, 311; гл. яшчэ БЕР, 6, 545–546; Шустар-Шэўц, 1384–1385; Борысь, 622.

Свёкар ‘бацька мужа’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ), свёкарка (Кос.), свяко́р (смарг., вільн., шальч., Сл. ПЗБ), свёкор ‘тс’ (ТС). Рус. свёкор, укр. све́кор, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свекръ, польск. старое świekier, чэш. svekr, славац. svekr, sveker, svokor, серб.-харв. све̏кар, серб.-ц.-слав. свекръ, славен. svéker, балг. све́кър, макед. свекор. Прасл. *svekrъ (Фасмер, 3, 571 і наст.). Узнаўляюць яшчэ (Махэк₂, 595; Слаўскі, SP, 2, 17) і прасл. *svekъrъ; супраць Трубачоў (История терм., 118 і наст.), які лічыць, што мяркуемая і.-е. праформа *su̯ekuros не тлумачыць слав. *svekrъ, лац. socer ‘цесць, свёкар’, гоц. swaihra, с.-в.-ням. swāger ‘свёкар’, якія паходзяць з *su̯ekros, і разглядае ‑ъ‑ і замяняючыя яго галосныя ў розных славянскіх формах як галосныя эпентэтычнага паходжання. Параўн. яшчэ літ. šẽšuras, ст.-інд. śvaśura, арм. skesur ‘цесць, свёкар’. Усе і.-е. паралелі сведчаць аб ‑к‑ палатальным; цвёрдае ‑к‑ у слав. *svekrъ застаецца няясным. Яго тлумачаць пранікненнем з свякроў (гл.); Фасмер, 3, 571–572; Скок, 3, 370; Мартынаў, Слав. акком., 159–160, мяркуюць, што цвёрдае ‑к‑ у прасл. *svekrъ з’явілася ў выніку дысіміляцыі, але не з *svesrъ, а з *svexrъ (x < і.-е. ‑k‑). Агляд версій гл. яшчэ БЕР, 6, 539; Шаўр, Etymologie, 41–45; Глухак, 597.

Свёкліна ‘месца на сенажаці з высокай густой травой’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, з *сёкліна ‘вільготнае месца’, параўн. рус. пск. сёкать ‘мачыцца’.

Свёлак ‘шост каля печы для прасушвання адзення’ (воран., Сл. ПЗБ). Гл. сволак, мяккасць ‑в‑ у выніку кантамінацыі з нейкім іншым словам.

Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.

Сві́дар ‘свердзел’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), сві́дэр (Сл. ПЗБ), свідрава́ць (Сл. ПЗБ, Стан.). Запазычанне з польск. świder ‘тс’ < svьrdlo (гл. свердзел). Ст.-бел. свидеръ ‘свярдзёлак’ таксама з ст.-польск. świder (Булыка, Лекс. запазыч., 294).

Свідзе́цель (свідзе́ціль) ‘сведка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), свідзі́цель ‘тс’ (Ян.). Хутчэй за ўсё, запазычана з рус. свидете́ль ‘тс’; аднак не выключана захаванне стараж.-рус., ст.-слав. съвѣдѣтель ‘відавочца’, пры змене ѣ > и пад уплывам видѣти (Фасмер, 3, 577), параўн. ст.-слав. засъвѣдѣтельствовати ‘пасведчыць’ і ст.-бел. свидетельствуетъ (1489 г.), тут, згодна з Карскім (1, 216–217), сутыкаемся з “огласовкой” кораня вид‑ замест вѣд‑, дзе и выклікана дысіміляцыяй з наступным складам і ўплывам асноў на ‑і, параўн. ст.-бел. видити, сѣдити і пад. Сной (Бязлай, 3, 347) мяркуе пра зыходны паралелізм. Гл. сведка.