Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ві́шка ’вяха для ўказання граніцы чаго-небудзь (поля, пашы, дарогі і г. д.)’ (Касп., Яшк., Сцяшк. МГ); ’мяжа на лузе, на пасеве з уторкнутымі жэрдкамі’ (Яшк.). Памяншальнае да вяха́ (гл.).

Вішнёўка ’івалга’ (Інстр. II). Да вішня, таму што івалга часта шкодзіць вішнёвым садам. Параўн. укр. назвы івалгі черешоїд, черешенник (Ніканчук, БЛ, 5, 67).

Ві́шніна ’вішнёвае дрэва’ (Касп.). Рус. пск. ви́шина, ви́шенина, укр. вишни́на ’тс’. Ад вішня пры дапамозе суф. адзінкавасці ‑іна, па ўжыванню якога ў гэтай словаўтваральнай мадэлі бел. цесна звязана з заходнеславянскімі мовамі (параўн. Талстой, ВЯ, 1966, 5, 16 і наст.).

Вішні́ўка, вышні́вка ’птушка дубанос, Coccothraustes сосcothraustes L.’ (Нікан.). Гл. вішняк.

Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινος ’пурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.

Вішня́к ’птушка дубанос, Coccothraustes coccothraustes L.’ (Ніканчук). Ад вішня. Назва ўзнікла таму, што дубаносы часта шкодзяць садам, асабліва вішнёвым. Параўн. таксама вішнёўка.

Вішча́ць (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бес., Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), вішчэ́ць (Інстр. III, Гарэц.). Рус. визг, визжа́ть, укр. визга́ти, виска́ти, вища́ти, ст.-рус. вискати ’ржаць’, ц.-слав. виштати, виснѫти ’пішчаць, шаптаць’, балг. виждя́ ’вішчу’, серб.-харв. ви̏ска ’ржанне, крык’, ви̏снути ви̑сне̑м ’крыкнуць’, польск. wiskać, wiszczeć. Прасл. *visk‑, *vizg‑ ’вішчаць, іржаць’ гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 1, 313; Скок, 3, 597). Праабражэнскі (1, 83) супастаўляе таксама з н.-в.-ням. wiehern ’іржаць’. Гл. віск.

Вішэ́ць ’вянуць’ (Мат. Гом.). Да віш1 (гл.). Магчыма, сюды ж і вішэ́ць ’расці ў бульбянік, а не ў клубні’ (Інстр. I), але апошняе не зусім ясна.

Віюро́к (Шатал.). Гл. юрок.

Вію́шка ’пража, звітая на вялікае верацяно для прасушкі’ (Жд., 1). Рус. дыял. вью́шка ’маток нітак’. Да віць (гл.).