Гарні́за ’ўзор у шалёўцы’ (Сцяшк.). Таго ж паходжання, што і гарніз, карніз (да апошняга гл. апісанне семантыкі ў Сцяшк.).
Гарнізо́н ’гарнізон’ (БРС). Рус. гарнизо́н, укр. гарнізо́н. Паводле Фасмера (1, 394), з ням. Garnison (< франц.) або франц. garnison. Шанскі (1, Г, 32) першакрыніцай лічыць франц. мову. У бел. і ўкр. мовах слова, відаць, з’явілася праз рус. пасрэдніцтва.
Га́рнік ’нагаворнае зелле, трава’ (Нас.), ’расліна Alchemilla vulgaris L., гусялапка’ (Касп.). Утварэнне на ‑(н)ік да дзеяслова гарнуць ’мець прыхільнасць’ (гл.).
Гарнір ’гарнір’ (БРС). Рус. гарни́р, укр. гарні́р. У бел. мове (як і ва ўкр.) з рус. гарни́р < франц. garnir ’убіраць, упрыгожваць’ (спачатку дзеяслоў, які на рус. глебе зрабіўся назоўнікам). Гл. Шанскі, 1, Г, 32.
Гарні́ст ’гарніст’ (БРС). Рус. горни́ст, укр. горні́ст. Першакрыніцай з’яўляецца ням. Hornist ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 442; Шанскі, 1, Г, 137.
Гарніту́р ’гарнітур’ (БРС), ’від тканіны’, ’шаўковая тканіна’ (Нас.), гарні́тур ’касцюм’ (Касп.), гарні́тар ’касцюм’ (Шат.), гарні́дар ’гарнітур, касцюм’ (Сл. паўн.-зах.). Слова гарніту́р, як і рус. гарниту́р, запазычана з ням. Garnitur (< франц. garniture). Гл. Фасмер, 1, 394. Гарніту́р у значэнні ’від тканіны, шаўковая тканіна’, рус. гарниту́ра, гарниту́р ’тс’ (таксама граниту́р, галенту́р, гарлету́р) < франц. gros de Tours (Фасмер, там жа). Гарні́тур, гарні́тар ’касцюм’ гарні́дар < польск. garnitur ’тс’ (гл. Шат., Сл. паўн.-зах.). Параўн. Кюнэ, Poln., 56.
Гарно́, горно́ ’горан’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. го́ран.
Гарну́ць ’грэбці, веславаць; прытульваць, прыцягваць’ (БРС, Шат.), ’мець прыхільнасць’, ’грэбці, веславаць’ (Нас.), ’грэбці, заграбаць што-н.’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Адносіцца да вялікай групы прасл. дзеясловаў *gъrtati: *gъrtnǫti (бел. гарта́ць — гарну́ць) з вельмі разгалінаванай семантыкай. Агляд значэнняў у паасобных слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 214–215. Параўн. гарта́ць.
Гарну́шак ’маленькі гаршчок’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сцяшк., Бяльк.), гарну́шак, гарну́шэк ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. garnuszek ’тс’.