Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тапчагі́ ’нары’ (Ласт.). Няясна; у сувязі з адзінкавай фіксацыяй, магчыма, аўтарскае ўтварэнне Ластоўскага на базе тапчан (гл.), мн. л. пад уплывам нары.

Тапча́к ’род коннага прывода’, ’малатарня, што рухалася ад таптання валоў’ (Варл.), ’крупадзёрка’ (Мат. Гом.), тапта́к ’прымітыўны рухавік для рэзання сечкі’ (Скарбы), топчаны́ ’прылада для памолу зерня, што прыводзіцца ў рух коньмі’ (ПСл). Ад тапта́ць1 (гл.), параўн. таптальная малатарня ’малатарня з драўляным колам, якое прыводзілася ў рух валамі ці коньмі, якія рухаліся на адным месцы’ (вілен., віц., Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974, 69).

Тапча́н ’нізкі ложак з дошак на козлах’, ’пакаёвая шырокая лаўка са спінкай’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт.), ’шырокая лава’ (Касп., Гарэц., Сержп. Прымхі), ’простая шырокая лава для качання бялізны’ (Нас., Байк. і Некр.), ’канапа’ (Сцяшк., Вруб., Сл. ПЗБ), топча́н ’тс’ (ТС). Укр. тапча́н, топча́н, рус. топча́н, польск. tapczan ’тс’. Цюркізм, з тат. tapčan ’узвышэнне, трон; ляжанка’. Анікін (554) мяркуе, што значэнне ’канапа’ сведчыць пра польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 517.

Тапчані́ ’тоўчаная бульба’ (Ян.). Гл. тапчо́нікі, топчанка.

Тапча́нка. Гл. таптуха1.

Тапчэ́й зневаж. ’пра таго, хто паволі, марудна ходзіць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Утварэнне ад таптаць1 (гл.) з суф. ‑эй, што абазначае асобу па схільнасці да пэўнага дзеяння з экспрэсіяй асуджэння (Сцяцко, Афікс. наз., Зб).

Тапы́ршчыць ’тапырыць’ (ТСБМ). Параўн. тапарашчыць (гл.), да наступнага слова.

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Тапэ́та ’шпалера’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tapeta ’тс’ праз ням. Tapete ’тс’, іт. tappeto ’кілім’, лац. tapēs ’тс’, грэч. τάπης (Р. скл. τάπητος) ’тс’, іранскага паходжання (гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 516).

Тар ’паром’ (Байк. і Некр.), ’паром, транспартны плыт з бярвення’ (Нас.): спрадвеку карысталіся тарам праз Дзьвіну (Полымя, 1998, 1), та́ра ’плыток для пераезду’, торо́к ’невялікі плыт для перапраўкі праз возера, праз ваду ў паводку’ (ТС), ’плыт з 4–5 бярвенняў’ (лельч., Жыв. НС), ’від плыта для сплаўкі лесу: на два доўгія бервяны ўкладваюць упоперак кароткія бярвёны і замацоўваюць іх’ (Маслен.), таро́к ’кладка праз рэчку з бярвенняў’: зьвізалі тарок (Бяльк.), ’звязка плыта’: лесу таркі вяжуць (Мат. Гом.), ’адзін рад змацаваных бярвенняў у плыце’ (кіраў., Нар. сл.). Параўн. укр., рус. то́рок ’невялікі плыт’, старое рус. тара ’тс’ (Нас.). Няясна; семантыка слоў сведчыць на карысць сувязі з тара́к, таро́кі ’матуз, шнур’ (гл.) і адсюль ’звязаныя, злучаныя разам бярвенні’. Суадносяць таксама з тор ’дарога, каляіна, след’ (гл.) са зменай значэння (Фасмер, 4, 84; ЕСУМ, 5, 606); гэта дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tarъ ад прасл. *toriti ’пракладаць, праводзіць дарогу’ (гл. тарыць), што ўрэшце да *terti (гл. церці), гл. Варбат, Морфон., 40 і наст.; параўн. таксама каш. tar ’пратораная дарога’ (SEK, 5, 132–133). Здзіўляе семантычная блізкасць да разглядаемых слоў роднасных ст.-інд. tárati ’перапраўляць, пераадольваць, падганяць’, авест. tar‑ ’пераадольваць’, ст.-перс. vi‑tar‑ ’перапраўляцца’ (Варбат, Этимология–1982, 27).