Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Зе́ўра ’прорва, адтуліна’, зяўры ’губы’ (лаг., Сл. паўн.-зах.). З суфіксам ‑р‑, які выступае ў назвах частак цела (рабро, дыял. бядро), ад зеў (< зяваць). Гл. зяўна́.

Зефі́р ’лёгкі ветрык’, ’гатунак тканіны’, ’гатунак цукеркі’. Рус. зефи́р, укр. зефі́р ’тс’. Ст.-рус. зефиръ ’вецер’ (з XII ст.) з грэч. ζέφυρος ’заходні вецер’. Націск у рус. з франц. zephir (< лац. zephyrus < грэч.) з канца XVIII — пачатку XIX ст. (Булахоўскі, РЯШ, 1954, 4, 12; Шанскі, 2, З, 91). Такі ж націск у першай бел. фіксацыі ў «Энеідзе навыварат»: зяхві́р (Шакун, Труды яз., 109). Фасмер, 2, 96; Гіст. лекс., 126; Блок–Вартбург, 673. Значэнне ’лёгкая тканіна’ (< ’адзенне’), верагодна, з зах.-еўрап. моў у XIX ст. у рус. > бел. Відаць, не раней і назва цукеркі. Абодва пераносы паводле лёгкасці.

Зе́ціць, зітаць ’прасіць’ (арг., Фасмер, Этюды). Рус. арг. зетить ’гаварыць, прасіць’, укр. арг. зітати, зэтать ’прасіць’, польск. арг. zitać ’гаварыць’. З грэч. ζητῶ ’прашу’. Бандалетаў, Этимология, 1980, 71; Фасмер, Этюды. З, 63. Параўн. яшчэ рус. зе́тить ’падглядваць, глядзець’, якое Шанскі (2, З, 89) звязвае з зеница, зиять.

Зёл ’туман, які напускаюць чараўнікі’, ’падман’ (Нас.). Можа, ад зелкі ’зелле, адурманьваючыя рэчывы’. Параўн. яшчэ рус. ярасл. зёл ’злы’.

Ззяць1 ’быць адкрытым (пра адтуліну)’. Рус. зия́ть, укр. зя́яти, зія́ти ’тс’; польск. ziać ’цяжка дыхаць’, ’ззяць’, чэш. zeti, záti ’ззяць, глядзець’, славац. ziať ’ззяць, адкрыць рот (пра жывёл)’, славен. zijáti ’трымаць рот адкрытым, крычаць’, серб.-харв. зѝјати ’тупа глядзець, пазяхаць’, ’мець вялікую адтуліну’, балг. зѐя ’быць адкрытым (аб дзвярах, труне, ране)’, макед. зјае ’быць адкрытым’. Ст.-слав. зиꙗти. Ст.-рус. зияти ’раскрывацца; раскрываць вусны’. Прасл. zьj‑a‑ti < zĭi̯‑a‑, адна з умлаўтных форм і.-е *gʼhei‑ ’быць пустым’, літ. žióti ’раскрываць рот’, лат. žavât ’тс’, ст.-інд. vi‑haya ’пустата’, лац. hio, ст.-в.-ням. geinōn, ginen ’ззяю’, грэч. χαίνω, χάσκω ’ззяю, пазяхаю’. Фасмер, 2, 98; Шанскі 2, З, 93; БЕР, 1, 638; Скок, 3, 656; Махэк₂, 711; Траўтман, 368; Покарны I, 419 (без слав. прыкладаў). Гл. зяваць.

Ззяць2 ’ярка свяціць’. Рус. сия́ть, перм., вят., свярдл., табол., том. зьять, зья́яти, зия́ть, укр. ся́яти, ся́ти ’тс’, славен. sijati, серб.-харв. сѝјати, sjȁti, балг. сия́я. Ст.-слав. сиꙗти. Ст.-рус. сияти. Бел. (і рус. дыял.) форма мае звонкае з замест этымалагічнага c, верагодна, пад уплывам ззяць1, у выніку кантамінацыі (’быць адкрытым’ ’свяціць’). Параўн. зіхацець і зяхаць. Прасл. sьjati < sĭi̯‑a‑ належыць, відавочна, да і.-е. *skʼĩ‑ (і інш.) ’ясны; цень’, адкуль і sěnь (гл. сенцы); лат. seja ’цень, адлюстраванне, твар’ (?), гоц. skeirs ’ясны’, skeinan ’свяціць, блішчаць’, ням. scheinen ’тс’, ст.-грэч. σκιά ’цень’. Фасмер, 3, 629–630; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 300; Скок, 247–248; Траўтман, 304; Мюленбах-Эндзелін, 3, 96; Покарны, 1, 917–918.

*Зівачы́, зівачэ́ анат. ’міндаліны’ (Сл. паўн.-зах.). Ад зеў з суф. ‑ач (форма мн. л.).

Зігза́г ’ломаная лінія’. З рус. зигза́г ’тс’ (з 1803 г., зикзак з 1780 г., сиксак — з 1750–1760 гг.), франц. zigzag ’тс’ (з 1680 г., з 1662 г. у тапоніме), ням. Zickzack ’тс’ (каля 1700 г.). Формы сиксак, зикзак у рус. ваенных дакументах для абазначэння формы акопаў з ням., дзе фіксуецца і Sicksac. Ням. Zickzack (першасна ў вышэй указ. ваенным значэнні) лічаць падваеннем Zacke ’зубец’ паводле мадэлі Wirwarr і г. д. Біржакава, 122, 277; Шанскі, 2, З, 91; Фасмер, 2, 96; Даза, 761 (у ням. гукапераймальнае?); Паўль, Wörterb., 767. Блок–Вартбург (673), грунтуючыся на ранняй фіксацыі ў франц. і спасылаючыся на мадэль tic‑tac (цік-так), не лічаць, што франц. < ням., у карысць чаго і ням. напісанне пры першай лексікаграфічнай фіксацыі (1727 г.) sicsac (Клюге, 435).

Зі́каць ’груба пакрыкваць’ (слонім., клец., Жыв. сл.). Рус. дыял. зыкать ’крычаць’, ’бегаць ад укусаў’ (ад зык1 ’рэзкі гук’ і зык2 ’авадзень’ > ’непакой ад аваднёў’), зи́кать ’бегаць ад укусаў’, укр. зикати ’крычаць’. Зікаць, відаць, кантамінацыя не поўнасцю зафіксаваных у бел. мове форм і значэнняў, адпаведных рус.: зыкаць дало значэнне ’крычаць’, а зікаць — форму. Параўн. зыкацца.

Зілязе́нь ’качар’ (віц., Нар. сл.), (тураў.) зелезён ’тс’. Форма з азванчэннем першага зычнага ўзыходзіць да ўсх.-слав. селезень < selzěnь < selg‑. Прасл. selg‑ насуперак Фасмеру (3, 595) цалкам рэальна давала і ўсх.-слав. солог‑ у злучэнні гуска сологая ў Наўг. грамаце на бяросце № 330. Пачатковае з‑ магло ўзнікнуць пад уздзеяннем наступнага ‑з‑ у выніку дыстантнай асіміляцыі.