Зігза́г ’ломаная лінія’. З рус. зигза́г ’тс’ (з 1803 г., зикзак з 1780 г., сиксак — з 1750–1760 гг.), франц. zigzag ’тс’ (з 1680 г., з 1662 г. у тапоніме), ням. Zickzack ’тс’ (каля 1700 г.). Формы сиксак, зикзак у рус. ваенных дакументах для абазначэння формы акопаў з ням., дзе фіксуецца і Sicksac. Ням. Zickzack (першасна ў вышэй указ. ваенным значэнні) лічаць падваеннем Zacke ’зубец’ паводле мадэлі Wirwarr і г. д. Біржакава, 122, 277; Шанскі, 2, З, 91; Фасмер, 2, 96; Даза, 761 (у ням. гукапераймальнае?); Паўль, Wörterb., 767. Блок–Вартбург (673), грунтуючыся на ранняй фіксацыі ў франц. і спасылаючыся на мадэль tic‑tac (цік-так), не лічаць, што франц. < ням., у карысць чаго і ням. напісанне пры першай лексікаграфічнай фіксацыі (1727 г.) sicsac (Клюге, 435).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)