Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́лубка ‘карэнная жыхарка’ (ТС). У выніку перастаноўкі зычных з ту́булка ‘тс’ (стол, Жыв. НС), гл. тубалка.

Тулува́ць ‘дратаваць, таптаць’ (Бяльк.). Гл. талаваць, змена пад уздзеяннем “гармоніі галосных” на Магілёўшчыне.

Тулу́за ‘дуля, фіга’: тулузу табе, а не яблыка (бых., Мушынскі, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад талызаць ‘тузаць, біць’ (гл.), змененае ў гаворках з дысімілятыўным аканнем у выніку своеасаблівай “гармоніі галосных гукаў” (Крывіцкі, Дыялекталогія, 182), параўн. і рус. дыял. тулу́зить ‘біць, калаціць’.

Тулумба́с ‘старажытны ударны інструмент’ (ТСБМ), таламба́с ‘літаўра’ (Ласт.). У якасці зыходнага лічыцца тур. tulumbaz ‘бубнач, барабаншчык’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673); хутчэй за ўсё, праз укр. тулумба́с, таламба́с ‘тс’, польск. tułumbas, tołombas, tołumbas ‘турэцкі вайсковы барабан’, параўн. таксама серб.- харв. таламба́с ‘літаўра, барабан’, якое лічыцца балканскім турцызмам (Скок, 3, 437).

Тулу́н ‘мяшок без разрэзу з садранай з якой-небудзь жывёліны шкуры’ (навагр., Дзмітр.). Укр. тулу́н ‘шкура казы, знятая суцэльна, якая служыць у якасці мяшка для мукі, солі і інш.’, рус. сіб. тулу́н ‘шкура, знятая дудкай, не распоратая ўдоўж’. Запазычана з цюркскіх моў: тур. tuluk, tulum, узб., туркм. тулум ‘бурдзюк’, — усе з манг. tulum ‘тс’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673). Паводле Анікіна (563), н на месцы м у рускай мове — у выніку асіміляцыі або запазычання з Каўказа, дзе тулун ‘мяшок са шкуры’. У Беларусь лексема магла пранікнуць з мовы “літоўскіх татар” (Супрун, «Весці», сер. IV, 1969, 3, 69–70).

Тулу́п ‘доўгі кажух’ (Бяльк.), ‘кажух’ (Сцяшк., Пятк. 2, ПСл), ‘тс’ (валож. і ўсх.-бел., ЛА, 4). Відаць, запазычана з рус. тулу́п ‘тс’, параўн.: “Доўгі да пят кажух прамога крою з шырокім каўняром называўся тулупам. Служыў ён дарожным адзеннем і быў характэрны для Магілёўскай губерніі” (Бел. нар. адзенне, 60), а таксама, магчыма, праз дэфармаваную назву tołpy мн. л. у польскай гаворцы на беларускай аснове на Сейненшчыне: długʼe takʼe kožuxʼi šylʼi, tolpy nazywalʼі (Тэксты, 24); у каментарыі Т. Зданцэвіча ідэнтыфікуецца з tołuby, гл. тулаб. Змяшэнне названых лексем дэманструе tołúp ‘туша, сала, цалкам знятае са свінні, якое потым рэжуць на кавалкі’ (Пятк. 1, 134), tołúb, túłub ‘тс’ (Пятк. 3, 7, 340). Сюды ж тулу́павішча ‘тулава’ (воран., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі лексем тулу́п і ту́лавішча (гл. тулава).

Тулус ‘тлушч’ («жир, ктотороый называется тулусам», Нік. Очерки). Няясна; малаверагодная сувязь з фармальна ідэнтычным фін. tulus ‘крэсіва, крэмень’ (> рус. тулукса ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 118). Магчыма, звязана з ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.) з апакопай *тулусцень?

Тулу́-тулу́ — анаматапеічны выклічнік (Кліх). Гукаперайманне, параўн. талала, тулю-тулю і пад.

Туль ‘цюль’ (Некр. і Байк., Касп.; в.-дзв., петрык., Шатал.) ‘вэлюм, лёгкае белае пакрывала з тонкага паркалю, марлі, якое спускалася па плячах і спіне’ (Бел. нар. адзенне, 32). Гл. тулі.

Ту́лькі1, ту́лько, ту́ко ‘толькі’ (бяроз., Сл. ПЗБ; валок., ЛА, 5, Скарбы), ту͡олʼко ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тулько (1553 г., ГСБМ). Да то́лькі (гл.). Мена о > у (або ў дыфтонг ці закрытае о̂) у закрытых складах магла адбывацца пад уплывам польскай мовы (Карскі 1, 117–123, асабліва с. 121). Беларускаму прыслоўю (без *‑l‑) ту́ко з абмежаваным значэннем адпавядаюць: укр. ті́ки, ті́ко, рус. то́ко, то́коли, макед. туку, балг. току́, токо ‘тс’. Сюды ж ту́лечкі ‘толечкі’ (Мат. Гом.).

Ту́лькі2, ту́лько ‘столькі’ (пруж., Сл. ПЗБ), ту́лько, ту́лькі ‘тс’ (зах.-пал., ЛА, 5). Лексемы, аформленыя ў адпаведнасці з рэфлексамі закрытага о̂ на гэтай тэрыторыі, магчыма, працягваюць стараж.-рус. толико ‘тс’, якое ўжывалася без с‑ (што надае значэнне ‘прыблізнасці’), утвораны ад займеннікавай асновы *to шляхам дадавання да яе часціцы *li (яшчэ ў даславянскі перыяд — ESSJ SG, 2, 675 і 681), параўн. паралель з літ. tõlei ‘да таго часу, аж / пакуль’, і пашыраныя часціцай *‑ko (ужо пасля распаду праславянскага адзінства). Гл. толькі.