Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Табо́р ’адроджанае стойла для жывёлы ў лесе або на полі’ (Сцяшк.), та́бар ’загарадка для жывёлы’ (Сцяшк. Сл.). Метанімічны перанос з та́бар1, гл.

Табо́рак, табо́рка ’маленькая табурэтка’ (Сцяшк.). Гіпакарыстычная трансфармацыя табурэ́тка (гл.): усячэнне часткі асновы, асэнсаванай як суфікс, з адначасовым перасоўваннем націску на “ўзноўлены” такім чынам корань і пашырэннем (у → о) націскнога галоснага. Гл. табурэт.

Та́бу ’быццам бы, як бы’: ад зямлі та́бу адсы́рвае (мазыр., ГЧ). Кандэнсацыя выразу так бы ’як бы’ ці *то бы (гл. то, бы) з дыялектным пераходам ыу ў фіналі.

Табу́ ’забарона’, ’забарона на пэўнае слова, дзеянне, прадмет’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. табу́ ’тс’ з англ. taboo, tabu ’табу, забарона’, што, у сваю чаргу, запазычана з палінэзійскіх моў, дзе tapu ’свяшчэнны, недатыкальны’ літаральна азначае ’асаблівым чынам адзначаны’ і складаецца з дзвюх частак ta ’адзначыць’ і pu ’надта, надзвычай’ (ЕСУМ, 5, 500).

Табу́н ’статак жывёл, гурт’, ’чарада (птушак)’, ’натоўп’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сцяшк., Цых., Сл. ПЗБ), ’гайня, зграя ваўкоў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’статак кароў і авечак на пашы’ (Жыв. св.), таўбу́н ’тс’ (Жд. 2), табуні́ць ’збіраць у адно месца’ (Сцяшк. Сл.), табуні́цца ’збірацца разам, збівацца ў табун, статак’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), ’збірацца ў чараду (пра птушак)’ (ТС), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., бялын., бых., Жыв. св.), табу́ніцца (пра кароў) (полац., ЛА, 1), ’збірацца ў чароды (пра птушак)’ (івац., ЖНС). Укр. табу́н, рус. табу́н, стараж.-рус. табун, польск. tabun ’статак коней або (радзей) быдла’, балг. табу́н, серб. та̀бӯн ’статак коней (жарабцоў)’. Польскае і паўднёваславянскія словы лічацца запазычаннямі з усходнеславянскіх моў. У апошніх — з цюркскіх; звычайна параўноўваюць з адзначанымі Радлавым (Опыт, 3, 1, 978) тат., чагат. табун ’статак (коней)’ і дададзеным Фасмерам (4, 7) крым.-тат. табым ’табун; натоўп’, якія далей супастаўляюцца з манг. tabun ’пяць’, што звязваецца з пяццю відамі жывёл у статках манголаў (Анікін, 520). Чарных (2, 223), аднак, зазначае, што ў сучасных цюркскіх мовах гэта вельмі рэдкія словы, у старажытнацюркскіх тэкстах яны не знойдзены, таму не маюць надзейнай этымалогіі.

Табу́р ’качарга’ (брасл., Сл. ПЗБ). Няясна. Малаверагодная сувязь з сіб. табу́рка ’скобка, якая паказвае вагу на бязмене’, ’драўляны завостраны стрыжань’ без пэўнай этымалогіі, параўн. Анікін, 520.

Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.

Табэ́лек ’свярдзёлак’ (Сцяшк.), табэ́ляк ’невялікі свердзел’ (Скарбы). Памяншальнае ад тэбель, гл.