Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раху́масць (раху́мосць) ’кожная рэч, якая знаходзіцца на ўліку’ (Нас.), сюды ж рахо́мы ’які мае каштоўнасць, вартасць; які знаходзіцца на ўліку’ (Нас.). Мясцовае ўтварэнне ад рахаваць (гл.) па ўзору рухо́мы, рухо́масць (гл.), да якіх была набліжана і фанетыка.

Раху́нак ’дакумент, падлік, аперацыя, звязаныя з грашыма’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ’парадак’ (Мат. Гом.), раху́нкі мн. л. ’падлікі, рашэнне задач (урокі)’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. раху́нокъ ’падлік, разлік’, сюды ж рахункава́ць ’мерыць’ (Сл. рэг. лекс.). Праз польск. rachunek < ням. Rechnung < ням. rechnen ’лічыць’ з адаптацыяй суф. ‑ung > ‑unek > ‑унак (Брукнер, 451; Нававейскі, Zapożyczenia, 111). Запазычана ў XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 81).

Рахце́ць ’кіпець, гатавацца’ (Сцяшк. Сл.), ряхце́ць ’тарахцець’ (Бяльк.). Утварэнне гукапераймальнага паходжання, параўн. рахтаць (гл.), параўн. таксама імітатыўнае ўкр. ряхті́ти ’бліскаць, мігцець’. Сюды ж таксама рахце́ць ’вельмі хацець’ (слонім., Жыв. НС), параўн. выраз аж дрыжыць — пра моцнае жаданне.

Рахэ́ля экспр. ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. ро́хля.