Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рамза́ць ’груба смяяцца, іржаць’ (Мат. Гом.), рэмза́ці ’надакучваць размовай’ (івац., Жыв. сл.). Гл. рэ́мзаць.

Рамі́знік ’фурман наёмнага экіпажу’ (ТСБМ), ’лёгкая фурманка для перавозкі пасажыраў’ (Варл.). Відаць, ад ням. Remise, якое можа азначаць ’сховішча для пэўнага транспарту’, што з франц. remise ’тс’ < re‑mettre ’адкладаць, захоўваць’, звязанае з лац. mitto/mittere ’кідаць’ і ’пасылаць’. Хутчэй за ўсё праз польск. remiza ’вазоўня’, параўн. чэш. remiz ’карэтня’, ’месца, дзе стаяць вазы’. Адсюль рамізнік — ’той, хто працаваў у вазоўні, абслугоўваў экіпажы’. Больш позняе ўтварэнне рамі́знік ’чалавек, які званіў у час пажару’ ад польск. remiza ’пажарнае дэпо’: былі такія рамізы… рамізнік быў напагатове і званіў (чэрв., Жд. 3).

Рамно́ўка ’гатунак бульбы’ (Жд. 1). Магчыма, у выніку распадабнення ад *ранноўка ’ранняя бульба, скараспелка’.

Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Рамо́нт ’ліквідацыя пашкоджанняў, паломак’ (ТСБМ), рамантава́ць ’папраўляць, аднаўляць’ (там жа). Параўн. рус. ремонт ’тс’, болг. ремонт ’тс’. З франц. remonte ’тс’.

Рамс: у ра́мса ’від гульні ў карты’ (Машара). З польск. ramsz ’гульня ў карты, у якой прайграе той, у каго застаецца больш ачкоў’ (< ням. Ramsch або франц. ramas ’куча, хлам’).

Рамузі́ніна (ръмузініна) ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.). Разам з рус. ремузи́на, рему́зье ’лахманы’ звязаны з рэ́мень, раме́нь (гл.) на базе развіцця значэння ’вузкая палоска’ — ’разадраная тканіна’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 85).

Раму́лле зборн. ’старыя рэчы’ (беласт., Сл. ПЗБ). Блізкае да шматлікіх утварэнняў у рускай мове з варыянтным коранем ром‑/рем‑, параўн. рему́га ’акравак, рызман’, ро́мух ’тс’ і пад. Фасмер (3, 469) рус. зборн. ремьё ’шмаццё’ са спасылкай на Бадуэна дэ Куртэнэ адносіць да ре́мень, гл. рамень, рэмень.

Раму́ль ’рамонак’, рамулі́, рамулькі́ мн. л. (ігн., швянч., паст., Сл. ПЗБ). Па лінгвагеаграфічных характарыстыках, хутчэй за ўсё з літ. ramùliai ’тс’, аднак не выключана самастойнае ўтварэнне, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 173, які адзначае формы на ‑уль як малапрадуктыўны словаўтваральны тып, што выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне, напрыклад: горбгарбуль ’нарасць’, быкбычуль ’гультай’, шыпшыпуль ’тонкая трэска’. Адсюль, магчыма, рамонрамуль як экспрэсіўная форма з адсячэннем карнявой фіналі ‑он, параўн. раму́нкі ’рамонкі’ (Сл. ПЗБ).

Ра́мцік ’кант’ (Ласт.). У выніку мены н > м ад рант (гл.).