Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)