Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пустамлі́н ’балбатун, несур’ёзны чалавек’ (слонім., Жыв. сл.), пустамлён ’тс’ (ашм., Стан.). Ад пусты (гл.) і млін ’млын’, да ўнутранай формы параўн.: лапочаш, як пусты млын (стаўб., Матуе.); другасна збліжанае з млён ’кій у жорнах, якім іх прыводзяць у рух’.

Пустапаро́жні разм. ’неабгрунтаваны, беспадстаўны, нікчэмны’ (ТСБМ). На базе фразеалагізма пераліваць з пустога ў парожняе, г. зн. рабіць бескарысную справу; параўн. іншыя падвойныя “сінанімічныя” ўтварэнні тыпу нагалабо́ску ’на босую ногу’ — паводле ўстойлівага спалучэння го́лы і бо́сы, г. зн. зусім бедны, і пад.

Пустапа́сам ’без пастуха (пра жывёлу), без нагляду старэйшых (пра дзяцей і моладзь)’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Варл.; карэліц., Жыв. сл.), сюды ж пустопа́сть ’самапасам’ (кам., Жыв. сл.), у пусто́паш ’на самапас, у распусту (пусціць)’ (ТС), у пу́стапаш ’тс’: пусцілі быдло і коні ў пустапаш (слонім., Арх. Бяльк.), пусто́паш ’абложная зямля’ (ДАБМ, камент., 858), ’пусташ’ (бяроз., ЛА, 2), пу́стопась ’тс’ (маляр., ЛА, 2), укр. пусто́паш ’без пастуха’; серб.-харв. пу̏стопа̑ш ’дзе кожны можа пасвіць’. Ад пусты́ ’бязлюдны’ і пасці ’пасвіць’; у адносінах зямлі, якая “гуляе”, магчымы ўплыў дзеяслова паха́ць ’абрабляць, даглядаць’.

Пустапо́ле, пустаполіца ’няўдобіца’ (ЛА, 2), пустаполя ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад пусты ’неўрадлівы, пусты’ (< *pustь ’тс’) і поле; кампазіту, вядомаму на паўднёвым захадзе Беларусі, адпавядае на поўдні пустое поле ’тс’ (там жа), відавочна, старажытныя аграрныя тэрміны, параўн. беласт. прастаполе, ваўк. прастаполь ’няўгноеная глеба’, адзначанас ў Статуце ВКЛ (Ластоўскі, Выбр. тв., 391); серб.-харв. пустопоље, пустопољина ’пустка’. Семантычны паралелізм гл. у рус. дыял. пустокваша/простокваша ’кіслае малако’.

Пустасме́х ’несур’ёзны чалавек, што часта і без прычыны смяецца’ (ТСБМ, Сцяц., Бяльк.; в.-дзв., Шатал.; стаўб., Нар. сл.; бялын., Янк. Мат.), ’жартаўнік’ (ЛА, 3), пустосме́х ’тс’ (ТС). Ад пусты́ ’бессэнсоўны’ і смех (гл.), магчыма, праз стадыю ўстойлівага словазлучэння пусты смех ’несур’ёзны, беспрычынны смех’: і возьме нейкі пусты смех (Колас) з пераносам назвы з’явы на яе носьбіта.

Пустахо́д ’чалавек, які ходзіць бязмэтна; валацуга’ (Варл.). Ад пусты ’бязмэтны’ і ход, хадзіць (гл.).

Пустацва́н ’шавецкія абцугі’ (Скарбы). Запазычанне з рамесніцкай тэрміналогіі нямецкай мовы (з ідыш?); канец слова прыпамінае ням. Zwang ’прыцягненне, прыціск’, што адпавядае прызначэнню (“скуру нацягвалі, бо ў яго захват шырокі”, там жа).

Пустацве́т ’кветка без завязі’ (ТСБМ, Варл., Бяльк., Цых., Сл. ПЗБ), пустоцве́т ’тс’ (ТС), параўн. рус. пустоцве́т, дыял. пустокве́т ’тс’, укр. пусто́цвіт ’тс’. Ад пусты́ ’бясплодны’ і цвет (квет) (гл.).

Пу́сташ ’пустка, незанятае месца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’незасеянае поле’ (Ян.), ’няўдобіца’ (ЛА, 2; Сл. ПЗБ), ’абложная зямля’ (ДАБМ, камент., 858), ’вытачанае месца’ (добр., Мат. Гом.), ’неўрадлівае поле’ (чавус., Мат. Маг.), пусто́ша ’запушчанае, занядбанае месца’ (Гарэц., Др.), пусташа́ ’пустэча’ (бялын., Нар. сл.), укр. пу́стош ’тс’, рус. пустошь ’тс’, польск. pustosz ’тс’, чэш. pustoš ’тс’, серб. пу̏сто̑ш ’тс’, харв. pústoš ’тс’, балг. пу́стош ’тс’, макед. пустош ’пустыннае, бязлюднае месца’, ст.-слав. поустошь (Супрасльскі рук.). Прасл. *pustošь утворана ад *pustъ ’пусты’ (гл.); дзеясловы пусто́шыць ’апусташаць, прыводзіць да запусцення’ (Нас., Шат.), pustašýć ’знішчаць’ (Варл.) хутчэй за ўсё вытворныя, таксама як і ўкр. пусто́шити ’апусташаць’, польск. pustoszyć ’тс’ выводзяць з *pust‑ або як запазычанне з чэш. або ўсх.-слав. (Банькоўскі, 2, 966), чэш. pustošiti ’тс’ (ад pustoš, Махэк₂, 501), серб.-харв. pustòšiti ’тс’, славен. pustōšiti (< харв., Сной, 516), балг. пусто́ша ’тс’, макед. пустоши ’тс’. Аднак пустошэ́ць ’пусцець’ (Нас.) па фанетычных прычынах лічыцца запазычаннем з польск. pustoszeć, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 56; апошняе, паводле Банькоўскага (2, 966), “даробленае” да pustoszyc ’апусташаць’. Падрабязна Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Пу́стка ’пусташ, няўдобіца; зямля, якая не апрацоўваецца’ (ТСБМ; палес., ЛА, 2; ТС, Сл. ПЗБ, Шат., Бяльк.), ’нежылое, пакінутае памяшканне’ (Жд. 1, ПСл), ’арэндны ўчастак зямлі, на якім няма ніякіх “дваровых выгод” (дома, хлявоў, агароджы і г. д.)’ (Яшк. Мясц.), pústka ’апусцелая сяліба’ (Варл.), пу́сткі ’адсутнасць жывой істоты; уражанне нежылога памяшкання’ (Мядзв.), пустке́ ’пустая зямля’ (Сцяц.), пу́стка ’беспарадак’ (Нік. Очерки), ’пусты арэх’ (Нас.), пу́сткі ’глупствы; пустата, адсутнасць грошай’: пу́стки в кише́ни (Нас.), укр. пу́стка ’нежылы, пакінуты дом; участак зямлі, які належыць асобе, што выбыла з сельскай абшчыны’, рус. дыял. пу́стка ’пусташ; пустое, закінутае жыллё’, польск. pustka ’бязлюднае месца; нежылы дом; разваліна’, чэш. poustka ’пустое месца, адлог’, ст.-чэш. pústka ’пусташ’. Утворана ад пусты́ ’парожні, бязлюдны, непатрэбны’ (*pustъ); параўн. пу́ста ’нежылое памяшканне; пусташ; пустата’ (гл.).