Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пая́ц ’блазен, клоўн’ (ТСБМ). З рус. мовы (пая́ц), куды трапіла з франц. paillasse ’тс’ < італ. pagliaccio ’тс’ > ’мех саломы’ < лац. palea ’салома’. Назва пайшла ад касцюма блазна ў неапалітанскай народнай камедыі (Мацэнаўэр, LF, 12, 184; Праабражэнскі, 2, 32; Фасмер, 3, 224).

Пая́ць ’злучаць металічныя часткі пры дапамозе расплаўленага металу’ (ТСБМ). Укр. пая́ти, рус. пая́ть ’тс’, ст.-рус. паяти ’каваць’. Узыходзіць да прасл. sъ‑pojiti, параўн. польск. spoić, чэш. pojiti, spojiti ’злучаць’, славен. spojíti, серб.-харв. спо̀јити, ц.-слав. съпоити ’злучаць, звязваць, спаяць’ (Фасмер, 3, 224). Далей збліжаюць з паі́ць, піць (Махэк₂, 427; Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 135), пацвярджаючы наступнымі паралелямі: фін. juottaa, эст. joota абазначаюць ’паіць’ і ’паяць’ — метафарычна гэта выражалася такім чынам: абодва кавалкі нібыта «напойваліся» кроплямі растопленага металу.