Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пабу́нька ’падліпала’ (Гар., Яруш.). Няяснае слова. У іншых славянскіх мовах можна параўнаць з рус. дыял. (раз., тамб.) буня ’ганарлівы, фанабэрысты чалавек’, чэш. дыял. мар. būna ’прыдуркаваты нікчэмны чалавек’. Апошнія — аддзеяслоўныя ўтварэнні ад прасл. buneti (гл. бунаваць). Падрабязна аб гэтай групе слоў гл. ЭССЯ, 3, 95 і наст.

Пабэ́рляць ’пад’есці’ (Сцяшк. Сл.), ’узараць’ (Жд. 2). Няясна. Магчыма, звязана з барляць ’пераліваць, узбоўтваць, працаваць без толку’ (гл.) і далей з бурліць, бурыць.

Пабяля́нне ’палуда чыгуннага посуду’ (Шат.). З польск. pobielanie ’тс’.

Па́ва ’самка паўліна’ (ТСБМ, ТС, КЭС лаг.). Рус. па́ва ’тс’, пав ’паўлін’, укр. па́ва, чэш., славац. pav, польск., в.- і н.-луж. paw. Ст.-бел. павъ (са ст.-польск. pawvБулыка, Запазыч., 234; ён жа, Лекс. запазыч., 145). У слав. мовы запазычана з лац. pavo ’паўлін’ праз ст.-в.-ням. pfawo ’тс’ (Фасмер, 3, 181). Па́ва — карэлятыўная форма жаночага роду да паў.

Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).

Павады́ ’сцяблы і лісце агуркоў’ (БДА, 863). Гл. повад.

Павады́р ’той, хто водзіць каго-н.’ (ТСБМ, Нас., Гар., Касп., Шат., Янк. 2, Грыг., Мядз., Сцяшк.), паво́дыр (Бяльк.). Усходнеслав.: рус. пово́дырь, укр. пово́дарь, пово́дирь ’тс’. Ад povoditi < voditi (гл. вадзіць) з суф. ‑yrʼ; праславянская мадэль (SP, 2, 28).

Паважа́ты ’выконваючы пасаду фурмана ў вясельным поездзе’ сваяк нявесты’ (Нас.). Гл. важа́ты.

Пава́жыцца ’пасмець, асмеліцца’ (ТСБМ). Запазычанне з польск. poważyć się ’тс’. Гл. таксама адвага, павага.

Пава́л1 ’дзеянне паводле значэння дзеяслова паваліць; тое, што павалена; павалены лес, буралом’ (ТСБМ, Яруш., Касп.), пава́ла (Шат.), пава́лка ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. валіць.

Пава́л2 ’столь’ (Сцяшк. Сл., Шатал.), ’гара на хаце’ (Шатал.), пава́ла ’столь’ (Тарн.), пова́л ’тс’ (Шушк., ДАБМ, 116). Запазычанне з польск. powała ’столь з бярвення’, на што паказвае геаграфія слова. Муж. род, відавочна, пад уплывам павал1. Польск. слова ад прасл. valiti (параўн. Брукнер, 599; Махэк, 676).

Пава́л3 ’эпідэмія, мор’ (Сцяшк.). З рус. пова́л ’эпідэмія, чума, мор’ (ср. повальная болезнь). Далей да вал, валіць.