Мойкаўшчына ’мокрае месца, гразь (на дарозе)’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Рэгіянальнае (магчыма, аказіянальнае) утварэнне ад ⁺мокраўшчына пад уплывам мойка < мыць (гл.).
Мок! — ’хуткае абмачэнне чаго-небудзь’ (Нас.). Да мокнуць (гл.).
Моклы ’мокры’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Аддзеепрыметнікавае ўтварэнне з суфіксам ‑л‑. Да мокнуць (гл.).
Мокнуць ’станавіцца мокрым, вільготным’, ’псавацца ад празмернай вільгаці’, ’ляжаць у вадкасці’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. мо́кнути, рус. мо́кнуть, ц.-слав. мокнѫти, польск. moknąć, в.-луж. moknyć, чэш. moknouti, славац. moknúť. Паўн.-слав. moknǫti. Параўн. літ. makė́ti ’ўступіць у гразь’, maknóti ’брысці па гразі’, ’мясіць гразь’, лат. maknît ’ісці па балоце’, гл. літ. makonė ’лужа’, лат. makņa ’балота, багністае месца’.
Мокрадзь ’мокрае месца, балота’ (Гарб.), мокраць ’макрата’ (паст., ашм., Сл. ПЗБ). Да прасл. mokrʼadь, mokradь < mokrъ > мокры (гл.). Аб суф. ‑адзь гл. Сцяцко, Афікс. наз., 13; Слаўскі, SP, 1, 64; Аткупшчыкоў, Из истории, 149 і наст.
Мокры ’насычаны вільгаццю’, ’дажджлівы’, ’сыры’, ’потны’, ’гразкі’, ’прамоклы’, навагр. ’вараны (аб ежы)’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Жд. 1, Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мокрасць ’сырасць, вільгаць’ (Нас.), ст.-бел. мокрый ’пакрыты, насычаны вадою, вільгаццю’, ’сыры’, ’балоцісты’ (Булахаў, Гіст., 137). Укр. мокрий, рус. мокрый, польск., в.-луж. mokry, палаб. mükrĕ, н.-луж. mokšy, чэш., славац. mokrý, славен. móker, серб.-харв. мо̏кар, макед. мокар, балг. мокър, ст.-слав. мокръ. Прасл. mokrъ, утворанае ад асновы *mok‑ і суфікса ‑ro‑ (Фасмер, 2, 641; Махэк₂, 372; Бязлай, 2, 192). Параўн. таксама мачыць, мокнуць (гл.).
Мокрышча ’скошаная трава’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Семантычна няясна. Да мокры (гл.).
Мокуць ’месца забалочанае’ (Нар. Гом.). Відавочна, калька з балт. (параўн. balùtė ’балотца’), утвораная ад асновы мок‑ і літ. суфіксаў ‑utis, ‑utė.
Мокці ’мокнуць’ (віл., Сл. ПЗБ). Можна дапусціць утварэнне ад мок‑ (параўн. славен. mok ’вільгаць’, ’дождж’: sonce gre na mok ’збіраецца на дождж’), як нес‑ці і інш. па тыпу двухскладовых літ. šlàpti, drė́kti, šliùrti, tìžti ’мокнуць’.
Мол 1 ’высокі і доўгі вал у порце’ (ТСБМ). З рус. мол ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), якое з італ. molo ’тс’ (Фасмер, 2, 641).
*Мол 2, ст.-бел. молъ ’мул’ (Карскі, Труды, 312). Да мул (гл.).