Курапа́тка ’дзікая птушка атрада курыных’ (ТСБМ). Укр. куропатка, куропатва, рус. куропатка, куропатва ’тс’, польск. kuropatwa, чэш. koroptev, славац. kuroptwa, в.-луж. kurotwa ’тс’. Паўднёваславянскія мовы паралелей да гэтага слова не ведаюць Рэканструкцыя дае прасл. kuro‑pъty. Першая частка гэтага складанага слова ўзыходзіць да kurъ, kura (гл. кур, кура), другая — да агульнай назвы птушак pъta (гл. птушка). Такім чынам, першаснае значэнне ’птушка, падобная да курыцы’. Падрабязна з улікам апошняй літаратуры гл. Слаўскі, 3, 407–409.
Кураса́дня ’перакладзіна ў куратніку, на якую куры садзяцца на ноч; седала’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Шат., Яўс., Жыв. сл., Гарэц.). Да кура (гл.) і садзіць (гл.).
Курас́аткі ’драбінкі на возе’ (Жд. 2). Да *курасадкі. Параўн. курасадня (гл.) і курачнік ’зімні вазок’ (гл.).
Курасле́п 1 ’род раслін сямейства казяльцовых: анемона, Anemone L.’ (ТСБМ, Кіс., Сл. паўн.-зах., Шат., Касп., Сцяшк., ТС, Дэмб. 1, Бейл.). Укр. куряча сліпота, рус. курослеп ’тс’, славен. kuroslèp ’вочны цвет, Anagallis arvensis’, серб.-харв. kuroslijep ’чымер чорны, Helleborus niger’, польск. kuroślep ’вочны цвет, Anagallis arvensis’, славац. kuroslep ’тс’. Параўн. Слаўскі, 3, 426; Скок, 2, 240; Безлай, 2, 113. Да кур 1 (гл.) і сляпы (гл.). Назвы гэтых раслін у розных славянскіх мовах — вынік калькавання з лацінскай і нямецкай моў і кантамінацый. Іх праславянская старажытнасць здаецца неверагоднай.
Курасле́п 2 вадзяны ’вадаперыца балотная, Hottonia palustris L.’ (Кіс.). Да кураслеп 1 (гл.).
Кура́тар ’кіраўнік, апякун’ (ТСБМ). Запазычанне праз рускую мову з ням. Kurator ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 451).
◎ Ку́рац ’маленькі піражок, печаны на паду’ (КЭС, лаг., Янк. III). Да курыць (гл.).
Кура́ч ’глінушка’ (ТС). Да курыць (гл.). Параўн. курак 2 (гл.)
Ку́рачка ’зялёнка, назва грыба’ (Сцяшк., Жыв. сл.). Да кура (гл.). Параўн., аднак, курашка (гл.) ’губа’.
◎ Кура́чнік ’зімні вазок’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. курасаткі (гл.).
Кура́шка ’губа’ (бат.) (Мат. Гом., Жыв. сл.), ’гнілы пень, што курыць’ (Касп.). Да курыць (гл.). Адносна суфікса ‑ашка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 33.