Дудзе́ць, ду́дзіць. Гл. дуда́.
Ду́дка ’дудка’. Гл. дуда́.
Ду́дкі! выклічнік (БРС). Запазычанне з рус. ду́дки! ’тс’. Рус. слова (упершыню адзначаецца ў 1834 г.) паходзіць ад ду́дка ’дудка’ (параўн. пустую сярэдзіну дудкі). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 206.
Дудне́нне ’гудзенне’ (Сцяшк.). Паколькі слова адзначаецца на абмежаванай тэрыторыі (у зах. гаворках), можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dudnieć ’глуха гучаць, грымець’ (аб прасл. групе слоў з праформы *dud(ь)něti гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 149–150).
Дуду́к ’маўчун’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dudùkas ’разявака’. Няпэўна. Хутчэй да дуду́каць (гл.).
Дуду́каць ’нягучна размаўляць’ (БРС, Сл. паўн.-зах.), ’размаўляць’ (Касп.), ’глуха і павольна гаварыць’ (Янк. III). Відавочна, гукапераймальнае. Параўн. і рус. дуду́ка ’той, хто ўвесь час балбоча’, дуду́кать ’дудзець, выдаваць гук, як гук дудкі’, дуду́чыть ’гаварыць увесь час, балбатаць абы-што’ (СРНГ, 8, 251). Параўн. і літ. dudénti ’нягучна размаўляць’ (аб гэтым гл. Фрэнкель, 1, 84). Звяртае ўвагу, што бел. і літ. мовы ўтвараюць тут пэўную ізаглосную тэрыторыю (дакладней, літ. мова і паўн.-зах. гаворкі бел. мовы).
Ду́ды ’падман’ (Нас.). Гл. дуда́.
Ду́жа ’вельмі’. Гл. ду́жы.
Ду́жы ’моцны’, сюды і ду́жа ’вельмі’. Прасл. *dužьjь ’тс’ (утварэнне ад *dugъ: ст.-рус. дугъ ’сіла’, чэш. duh; гэта параўноўваюць з літ. daũg ’многа’, гоц. daug, ням. taugen ’падыходзіць’ і г. д.). Агляд форм (у тым ліку польск. dużo, рус. дю́же, бел. ду́жа, укр. ду́же) гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 167–168, 150; гл. яшчэ Фасмер, 1, 550; Слаўскі, 1, 181–182. Прасл. характар мае *dužiti (параўн. бел. ду́жыць; няма ў Трубачова), *dużati (sę) (параўн. бел. ду́жацца); гл. Трубачоў, там жа, 166–167.