Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вакру́г ’кругом, навокал’ (КТС). З рус. вокруг.

Вакру́га. Гл. акруга.

Ва́кса1 (БРС). З ням. Wachs ’воск’, Schuhwachs ’вакса для ботаў’ (Фасмер, 1, 267; Рудніцкі, 1, 296).

Ва́кса2 ’плакса’ (З нар. сл.). Другая частка дзіцячай «дражнілкі» плакса‑вакса, утворанай шляхам экспрэсіўнай рэдуплікацыі.

Ваксава́ць (БРС). Рус. ваксовать, укр. віксувати. Да вакса1 (Рудніцкі, 1, 425).

Ва́куум (БРС). Праз рус. вакуум (Крукоўскі, Уплыў, 89) < лац. vacuum ’пустата’ (Шанскі, 1, В, 7; Рудніцкі, 1, 296).

Вакхана́лія ’разгульнае баляванне, оргія’ (КТС). З рус. вакханалия (Крукоўскі, Уплыў, 76). Параўн. Рудніцкі, 1, 297.

Вакцы́на (БРС). Праз рус. вакцина (Крукоўскі, Уплыў, 88) з франц. vaccine ’тс’ (Шанскі, 1, В, 8; Рудніцкі, 1, 297).