Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Тапта́ркі ’грыбы’ (?): таптаркі прама на поле выбягаюць (Мат. Гом.), тапча́нік ’падрашэтнік, Suillus piperatus (Fr.)’. Няясна, магчыма, з-за знешняга выгляду (з пляскатай шапачкай, як бы “растаптаныя”), да тапта́ць 1, гл.

Тапта́ць 1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць 2 ’апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptać ’апладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць 1 (гл.).

Тапто́нікі ’бульбяная каша’ (брагін., Нар. словатв.). Гл. топтанка.

Тапто́рыць ’празмерна многа класці’, іран. ’есці’, тапто́рыцца ’напіхвацца, накладвацца’ (Юрч. Вытв.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад тапта́ць 1 (гл.), да словаўтварэння параўн. бухцець > бухторыць, гл.

Таптуны́ ’бліны’ (Барад.). Ад тапта́ць ’размінаць (бульбу)’ (гл. таптаць 1).

Тапту́ха 1 ’рыбалоўная снасць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Шат., Сцяшк.), ’венцер’ (барыс., глус., ЛА, 1), топту́ха ’тс’ (ТС, Крыв.; нараўл., З нар. сл.), то́птух ’рыбацкая прылада’ (Дэмб. 2), сюды ж тапту́н ’тс’ (Касп., Нік. Очерки, Мат. Гом.; віц., Яшк. Мясц.), тапча́нка ’рыбалоўная снасць, якую ўтоптваюць у гразь для лоўлі ўюноў’ (Нас.), тапча́к ’від рыбалоўнай сеткі’ (ТСБМ). Ад таптаць 1, гл.

Тапту́ха 2 ’тоўчаная вараная бульба, камы’ (Бяльк.), ’бульбяная каша’ (Лекс. Бел. Палесся; ПСл, Мат. Гом.). Ад тапта́ць 1, гл.

Тапту́ха 3 ’ступа’ (Бяльк.). Ад тапта́ць 1, гл.

Тапу́ выкл. ’пра пачатак хадзьбы’, часцей падвойваецца тапу‑тапу: тапу́‑тапу́ і пайшоў (Юрч. Вытв.), шэранькая козачка тапу‑тапу скоранька (лаг., Дзіц. фальклор). Да топаць, гл.

Тапу́н ’наш нацыянальны танец’ (Варл.). Ад топаць, гл.

Тапу́рыць ’паднімаць, растапырваць пер’е і інш.’ (ашм., Стан.), тапу́рыцца ’выстаўляцца, фарсіць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. дыял. топо́риться ’тс’, макед. топори се ’задзірацца; выстаўляцца, задзіраць нос’, ’тырчаць’. Відаць, таго ж паходжання, што і тапырыць (гл.), параўн. Фасмер, 4, 80.

Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).