Сяду́ра ’нерухавы, пасіўны чалавек’ (ТСБМ, Бяльк.). Утворана ад сядзець (гл.) пры дапамозе суф. ‑ур‑а “з экспрэсіяй зніжанасці”, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 70; з іншым экспрэсіўным суф. ‑эр‑a: сядэ́ра ’жанчына, што сядзіць на адным месцы’ (Барад.).
Сяду́шкі ’ежа з яец, смажаных на сале’ (Сцяшк.). Відаць, да сядаць (гл.), аднак матывацыя не зусім зразумелая.
Сяды́-тады́ ’часам, часамі, зрэдку, іншы раз, калі-нікалі’ (Сл. ПЗБ, Ск. нар. мовы). Першая частка ад заўсёды, утворана аналагічна ад тады; параўн. сяк‑так і пад.
Сяе́начы ’гэтай ноччу’ (Бяльк., Ян.), сее́начы ’сёння ўночы’ (Пятк. 2). Сцягненая форма, параўн. сяй ночы а паўночы (Бяс., Ласт.), гл. сей, ноч.
Сяж ’збудаванне для лоўлі рыбы ноччу’ (ПСл). Гл. сежа.
Ся́жань, побач з са́жань ’мера ў стан чалавека, як можна сягнуць уверх рукой, роўная 3 аршынам’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. сяжень, сажень ’мера даўжыні’. Да прасл. *sęžьnь, вытворнага ад *sęgati, гл. сягаць. Выказваецца меркаванне пра наяўнасць рэканструяваных варыянтаў прасл. *seg‑/*sog‑ без назалізацыі (параўн. Анікін, Этимология–1983, 55), гл. таксама сажань.
Сяйбі́т ’сявец, сейбіт’ (Некр. і Байк.). Гл. сейбіт, сяўбіт.
Ся́йва ’ззянне’: паўночнае сяйва (Спадчына, 1995, 6, 256). Назоўнік ад *сяць ’ззяць’, параўн. укр. ся́ть ’тс’; гл. ззяць 2; сюды ж сʼа́јнуты, сʼайнути ’бліснуць, успыхнуць, прагарэць’ (аб дровах)’ (Клім.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.).
Сяйво́ ’россып; тое, што сыплецца’ (ТСБМ), ’пасяўная пара’, ’пыл’ (Сцяшк. Сл.). Вытворныя ад сеяць, гл.
Сяймі́га (сеймі́га) ’хутка, у адзін момант’ (Сцяшк.). Сцягненая форма выразу, што ўзыходзіць да спалучэння ўказальнага займенніка сей (гл.) з назоўнікам міг (гл.) у Р. скл. адз. л.