Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гантэ́ль ’гантэль’ (БРС, часцей у мн. л.). Рус. ганте́ли, укр. ганте́лі. Новае запазычанне з ням. мовы (у рус. мове засведчана з 1935 г.?). Параўн. ням. Hantel ’тс’. Крыніцай запазычання для бел. і ўкр. моў з’яўляецца рус. мова.

Га́нуш ’аніс’ (Нас.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нусаўка, ганушо́ўка ’анісавая гарэлка’, га́нусавы, ганушо́вы ’анісавы’ (Нас.). Першакрыніцай усіх гэтых слоў з’яўляецца грэч. назва ἄνισον. Дэталі гісторыі паасобных форм у слав. мовах (у тым ліку бел.) не вельмі ясныя. Гл. ані́с (Эт. сл. бел. мовы, 1, 115). Ст.-бел. аныжъ, ганишъ ’аніс’ < польск. (гл. Булыка, Запазыч., 26).

Ганча́р1 ’ганчар’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гонча́р, укр. ганча́р, гонча́р, польск. garncarz, чэш. hrnčíř, балг. грънча́р, серб.-харв. грнчар, ст.-слав. гръньчар̑ь. Прасл. слова, якое з’яўляецца назвай дзеяча ад прасл. *gr̥nьcь ’гаршчок’, утворанай суфіксам *‑arь. Гл. Слаўскі, 1, 259; Фасмер, 1, 438; падрабязна Шанскі, 1, Г, 129; гл. таксама Трубачоў, Ремесл. терм., 192, 336. Неабгрунтавана Цімчанка (1, 508), які выводзіць укр. слова з польск. garncarz. Вытворнае: ганча́рня (Шат., Касп.).

Ганча́р2 ’вілкі’ (Шатал.): «Вазьмі ганчара і ўстаў гаршчка ў печ». Адсюль відаць, што функцыянальна ганча́р2, хутчэй за ўсё, гэта «сапсаванае», трансфармаванае ганча́рка.

Ганча́рка1 ’анучка, якой бяруць з печы гаршкі’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. паўд. ганчи́рка ’тс’, гончи́рка, гончу́рка, гонча́рка (гл. СРНГ, 6, 136; 7, 13). Даль прыводзіць (пад ганчи́рка) і форму гарнчи́рка, але няправільна параўноўвае з гарнец ’гаршчок’. Укр. ганчі́рка. Этымалогія слова спрэчная. Можна звязаць гэта слова з бел. ганча́р, укр. ганча́р, гонча́рГрынч.: ганча́рь, гонча́рь), рус. гонча́р (ст.-рус. гърньчаръ, горъчарь), што добра звязваецца і семантычна. Наўрад ці можна прыняць этымалогію Цімчанкі, 1, 508: магчыма, гэта запазычанне з ням. Handscheure. Для такой версіі няма ніякіх падстаў. Няясна, якая матывацыя ў слова ганча́рка (гынча́ркаБяльк.) ’гатунак махоркі’, якое, бясспрэчна, уваходзіць у сямейства лексем ганча́р, ганча́рка.

Ганча́рка2 ’гатунак махоркі’ (Бяльк.). Няяснае слова. Відаць, звязана з ганчар, ганчарка1 (гл.), але матывацыя застаецца незразумелай (няма дадатковых даных аб самой рэаліі і яе гісторыі).

Ганча́рушкі ’гліністая глеба’ (Сцяшк. МГ). Паколькі няма падобных роднасных форм і лексема гэта, здаецца, адзінкавае ўтварэнне ў зах. бел. гаворках, то дэталі яго паходжання застаюцца няяснымі. Ясна толькі адно: гэта слова звязана, відаць, з ганча́р1. Дэталі словаўтварэння таксама вытлумачыць цяжка. А ці не паходзіць слова ганча́рушкі ад уласнай назвы *Ганчарушкі (< ганча́р)?

Га́ньба ’ганьба’ (БРС, Нас., Шат., Касп.), таксама ’прыродная вада’ (Шат., Касп.), укр. ганьба́, польск. gańba (старая форма), hańba (больш новая форма, пад уплывам чэш. мовы; гл. Слаўскі, 1, 401–402), чэш. hanba, н.-луж. gańba, в.-луж. hańba. Прасл. *ganьba (уласна дыял. прасл., толькі ў зах. і ўсх.-слав. мовах) — утварэнне ад дзеяслова *ganiti. Гл. падрабязна Слаўскі, там жа. Бернекер (1, 376) лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, але, паводле Слаўскага (там жа), без дастатковай аргументацыі. Булыка (Запазыч., 78–79) лічыць ст.-бел. ганьба, ганба паланізмамі (як і вытворныя адсюль дзеясловы). Аб запазычанні, магчыма, сведчыць націск у бел. слове (га́ньба; параўн. укр. ганьба́). Сюды ганьбава́ць, га́ньбіць (БРС, Нас., Касп.), ст.-бел. ганбити (Булыка, Запазыч.), гане́бны (ст.-бел. ганебный; Булыка, Запазыч.). Укр. (ст.-укр.) ганба Цімчанка (1, 506) таксама лічыў запазычаннем з зах.-слав. моў (чэш. hanba, польск. hańba).

Ганьбава́ць, га́ньбіць, гане́бны. Гл. га́ньба.

Ганя́ць. Рус. гоня́ть, укр. ганя́ти і г. д. Аблаўтная форма да *gъnati, *goniti, якая (ітэратыўнае значэнне) адлюстроўвае вакалізм «a» (< o): *ganjati (< *gonjati).

Гапа́к ’гапак’ (БРС). Рус. гопа́к, укр. гопа́к ’тс’. Лічыцца запазычаннем з укр. мовы, дзе назва танца гопа́к з’яўляецца вытворнай ад выклічніка гоп! Гл. Фасмер, 1, 438. Аб паходжанні самога выклічніка думаюць, што рус. гоп! — гэта ўкраінізм (гл. Шанскі, 1, Г, 129) і наогул падобны выклічнік і ва ўкр. і ў польск. мовах < ням. hopp, hops (гл. Фасмер, там жа). Насуперак гэтаму Слаўскі (1, 428) укр. гоп, польск. hop, чэш. hop лічыць проста гукапераймальнымі (падрабязна Махэк₂, 176, які лічыць hop‑ элементарным, першапачатковым, незапазычаным).

Гапашы́ць ’трапаць лён’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, звязана з дзеясловам *pachati. Параўн. вельмі шырокі дыяпазон значэнняў, напр., у рус. паха́ть (гл. у Даля), уключаючы ’рэзаць, крышыць і да т. п.’ (пахать хлеб, мясо).