Ганча́р1 ’ганчар’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гонча́р, укр. ганча́р, гонча́р, польск. garncarz, чэш. hrnčíř, балг. грънча́р, серб.-харв. грнчар, ст.-слав. гръньчар̑ь. Прасл. слова, якое з’яўляецца назвай дзеяча ад прасл. *gr̥nьcь ’гаршчок’, утворанай суфіксам *‑arь. Гл. Слаўскі, 1, 259; Фасмер, 1, 438; падрабязна Шанскі, 1, Г, 129; гл. таксама Трубачоў, Ремесл. терм., 192, 336. Неабгрунтавана Цімчанка (1, 508), які выводзіць укр. слова з польск. garncarz. Вытворнае: ганча́рня (Шат., Касп.).

Ганча́р2 ’вілкі’ (Шатал.): «Вазьмі ганчара і ўстаў гаршчка ў печ». Адсюль відаць, што функцыянальна ганча́р2, хутчэй за ўсё, гэта «сапсаванае», трансфармаванае ганча́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)