Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Танцу́шка ’апенька лугавая’ (ваўк., Расл. св.), танцу́шкі ’непажыўныя грыбы’ (Сцяшк.). Аналагічна да папярэдняга, параўн. танцу́ха ’танцорка’ (ТС).

Танцюры́стка ’танцорка’ (Мат. Гом.), танцюрі́ст ’танцор’ (кам., ЖНС). Параўн. укр. танцю́ристка, танцюри́ст ’хто добра танцуе’, што паводле ЕСУМ (5, 516), вытворныя ад танцю́ра ’тс’, адкуль і назва грыбоў танцю́рка ’мухамор’, што адлюстроўвае іх знешні выгляд (на доўгай тонкай ножцы), параўн. папярэднія словы, гл. Арэальныя ўтварэнні, звязаныя з украінскай мовай, паколькі для беларускай мовы ўтварэнні на ‑ура (‑юра) і -іст (‑ыст) для характарыстыкі асоб нехарактэрны, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 70; Саевіч, Derywacja, 401, 409.

Танчо́вы ’шматкаляровы, колеру вясёлкі’ (шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. tęczowy ’вясёлкавы’ < tęcza ’вясёлка’.

Та́нчык ’танец’ (Ян.), та́ньчык ’танец, скокавыя спевы’ (Байк. і Некр.). З польск. tańczyk ’невялікі музычны твор’ (з XVII ст.) або самастойнае ўтварэнне ад танчыць, гл.

Та́нчыць ’танцаваць’ (астрав., Нар. словатв.; Гіл., Жд. 3, Сл. ПЗБ), ’танцаваць, скакаць’ (Сцяшк.), ’танцаваць; заляцацца’ (Нас.), та́нчыць (та́ньчыць) ’танцаваць у кругу, у карагодзе’ (Нар. Гом.), та́ньчыць ’танцаваць’ (Байк. і Некр.), сюды ж та́ньчык ’танец, песня да танцаў’ (Байк. і Некр.), та́нчыцца ’важдацца, займацца’ (Нас.), та́ньчыцца ’цешыцца, вазіцца’ (Байк. і Некр.). З польскай мовы, дзе tańczyć ’танцаваць’ (з XVI ст.), звязанае з taniec ’танец’ (Брукнер, 565; Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танцаваць, танец, гл.

Таня́ ’месца, дзе можна закінуць невад; адна закідка невада’ (полац. З нар. сл.). Гл. то́ня.

Танянёх ’выгук пры няньчанні дзіцяці’ (Нас., Касп.); танянёха ’дзіця, якое любіць, каб яго песцілі’, танянёхаць ’песціць, няньчыць’, танянёшыць ’тс’ (Нас.), танянёхацца ’непамерна песціць’ (полац., Нар. лекс.), танянёшыцца ’нянькацца, вазіцца’ (Нас.). Гукапераймальнае, параўн. укр. танана́ ’выгук здзіўлення’, балг. танани́кам ’падспеўваць’, макед. тананика ’тс’ і пад.

Тапа́з ’від каштоўных камянёў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз польск. topaz ’тс’ або рус. топа́з (з польскай, гл. Віткоўскі, Słownik, 186) з франц. topaze і с.-лац. topazus, што, у сваю чаргу, з грэч. τόπαξος (с.-грэч. τοπάξιον), якое паходзіць ад назвы вострава Topazus у Чырвоным моры, дзе, магчыма, упершыню знойдзены гэты камень (Фасмер, 4, 77–78; ЕСУМ, 5, 598; Голуб-Ліер, 484).

Тапарашчы́ць ’вырачаць’, тапара́шчыцца ’выпучваць вочы’, ’тырчаць’, ’упірацца’ (віл., Стан.). Магчыма, кантамінацыя тапоршчыць (гл.) і тарашчыць, гл.

Тапаркі́ ’расліна, якая расце ў жыце і мае сінія кветкі ў выглядзе сякеркі’ (Нас.), ’пустазелле ў жыце’ (Байк. і Некр.), ’рагулькі’ (Кіс.). Названа па знешняму выгляду кветак, параўн. укр. топірчики ’браткі’, рус. топо́рник ’вязель’, да тапор, гл.