Сці́хат ’страх’: аж сціхат глядзець (Марц.), сціхо́т ’страх, жах’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Відаць, ад сціх 1 з экспрэсіўным суфіксам ‑ат (‑от); да семантыкі параўн. вусціш ’цішыня’ і вусцішна ’жудасна, страшна’ (гл.), а таксама сціхата́, сціхо́цце ’цішыня’ (Сцяшк. Сл.).
Сціха́ць ’супакойвацца, сунімацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сці́хнуць ’перастаць, суняцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), сці́хці ’тс’ (Стан.), сюды ж з іншым варыянтам асновы сціша́ць ’супакоіцца’, сцішэ́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ), сціша́ць ’змяншаць, сунімаць’ (ТС), прыслоўе (дзеепрыслоўе?) сці́ха ’ціха (у песнях)’: це́пла рэ́чка невелі́чка, це́кла вона́ сці́ха (ПСл), ’ціхенька, паціху’ (Нас., Бяльк.), сці́ха ’тс’ (Барад.; ашм., Стан.), якія звычайна разглядаюцца як утвораныя ад прыметнікаў ці назоўнікаў у Р. скл. з прыст. с‑, гл. Карскі 2-3, 75; Шуба, Прыслоўе, 126 і наст. Гл. ціхі, ціш.
Сціць ’шанаваць, паважаць’ (Стан.), ст.-бел. учсты ’выказаць пашану, павагу’ (Статут 1529, 1588). Рэканструяваны Станкевічам на падставе старабеларускіх форм дзеяслоў, гл. чціць ’шанаваць’ (Некр. і Байк.); паводле Карскага (1, 201), аналагічна стараж.-рус. чьсти з пропускам цяжкавымаўляльнага с дае ў ст.-бел. чсты, цти, чти. Гл. чэсць.
Сці́шна ’страшнавата’ (Адм., Дзямід.), ’ціха’ (навагр., Сл. ПЗБ), сці́шнасць ’некаторы страх’ (Стан.), сці́шны ’вельмі ціхі’ (Адм.). Да сцішэць, сціхаць (гл.); да семантыкі параўн. вусцішна, сціхат, гл.
Сці-сці ’падзыўныя для авечак’ (петрык., ДАБМ, камент., 896). Няясна, магчыма, ісці (гл.), параўн. сьці ’ісці’ (Стан.).
Сцулі́ ’мача’, сцуль ’хто мочыцца пад сябе’ (Нас.). Вытворныя ад сцаць (гл.) з суф. ‑ул‑, гл. Карскі 2-3, 25.
Сцу́піць ’узяць, схапіць’ (ТС), сцо́паць ’схапіць, выкрыць’ (Сцяшк. Сл.). Вытворныя ад выклічнікаў цуп! цоп!, што перадаюць раптоўныя рухі. Параўн. цупкі, цапаць, гл.
Сцу́рыць ’падчысціць, з’есці’ (Касп.). Да цурыць, гл.
Сцы́знуць ’моцна змерзнуць’ (Растарг.). Відаць, да зызнуць (гл.) з распадабненнем пачатковых зычных.
Сцыку́н ’мачавы пухір’ (іван., навагр., вусн. паведамл.). Кантамінацыя сцаць і сікун ’тс’, гл.