Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суята́ (суета́) ’непакой’, ’мітуслівы, неспакойны чалавек, які ўсюды лезе’ (Нас.), суjета́ ’клопат, турбота’ (Вруб.), суетня́ ’клопат, суматоха’ (Нас.), ст.-бел. суета ’марнасць, пустка, непатрэбшчына’ (Альтбаўэр), суетныи ’марны; мітуслівы’ (там жа). Параўн. укр. суєта́, суята́ ’клопат, неспакой, прыгнечанасць’, суятня́ ’неспакой’, рус. суета́ ’тс’, балг. суета́ ’марнасць; мітусня’, суетня́ ’клопат, турботы’, макед. суета ’марнасць; фанабэрыя’, ст.-слав. соуѥта ’марнасць, пустка’. Хутчэй за ўсё, запазычана са стараславянскай праз біблейскія тэксты, параўн. біблеізм соуѥта соуѥтъ ’марнасць’, што адпавядае грэч. ματαιότης ματαιοτήων, лац. vanitas vanitatum ’тс’ — выраз, што лічыцца гебраізмам, параўн. ст.-бел. ажно все суета, суета суетная (Альтбаўэр). Выводзіцца са ст.-слав. соуѥ ’несапраўднае, ілжывае’, соуи ’пусты’, з суф. ‑ѥта (< *‑ota пасля ‑j‑, гл. Глухак, 593), параўн. стараж.-рус. суи ’пусты, нязначны, несапраўдны’, чэш. sujný ’дарэмны’, што да прасл. *sujь ’пусты, марны’, якое параўноўваюць з літ. sáuja ’жменя’, ст.-інд. çūnyás ’пусты’, лац. cavus ’пусты, з поласцю ўсярэдзіне’ (гл. Фасмер, 3, 797); паводле Варбат (Этимология–1983, 38) — беспадстаўна, паколькі значэнне ’парожні’ адсутнічае ў славянскага слова, больш верагоднай падаецца сувязь з *sovati (гл. соваць, суваць). Параўн., аднак, пярэчанні Кожынавай (Супр. чыт., II, 58) на падставе перакладу з грэчаскай біблейскага фрагмента пꙋстошь пꙋстошемъ всє пꙋстошь.

Суяці́м ’аматар судзіцца’ (Гарэц., Стан.). Няясна; магчыма, да папярэдняга (гл.), вытворнае ад дзеяслова суяціцца ’мітусіцца, хвалявацца’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суф. ‑ім.

Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú‑, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Сфэ́ціць ’украсці’ (Сл. рэг. лекс.). Няясна; магчыма, ад польск. feta ’гулянка, гасціна’.

Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.

Схаласо́піць ’распрадаць за нішто’ (Сцяшк. сл.). Няясна; магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне на базе мясцовага хало́сны ’халасты, нежанаты’ (гл.), другая частка нагадвае народнае хвіласо́п ’філосаф’ (Нас.), chwałazòp ’тс’ (Пятк. 2).

Схамяну́цца ’раптам успомніць, заўважыць памылку’, ’падхапіцца, здрыгануцца’ (ТСБМ), ’спахапіцца, апамятацца’ (Нас., Касп., Растарг., Янк. 3., Сержп.), ’супакоіцца, сціхнуць’ (паст., Сл. ПЗБ), ’страпянуцца’ (Нар. Гом.), схамыну́тысь ’адумацца, апамятацца’ (Клім.). Параўн. укр. схаменутися ’тс’. Узыходзіць да *sъ‑xa‑menǫti sę (Мяркулава, Этимология–1983, 62), паводле ЕСУМ (5, 490), з с.-в.-ням. schamen, schëmen ’саромецца’. Гл. хамянуцца.

Сха́пвацца ’імгненна з’яўляцца, застываць’ (ПСл), сха́пацца, сха́пвацца, схо́пвацца ’ўтварацца, з’яўляцца, усхоплівацца’, ’хутка згушчацца, збірацца’ (ТС). Да хапаць, гл.

*Схва́нуць, схва́нуты ’схапіць’ (Сл. Брэс.). Параўн. балг. схва́на ’зразумець, засвоіць’, ’схапіць, стаць нерухомым, звесці (ад болю)’, макед. сфана ’зразумець, улавіць (сэнс)’. Дзеяслоў аднакратнага дзеяння ад схваці́ць ’схапіць’, што да *xvatati ’хапаць, лавіць’ (гл. хватаць). Пра семантычны паралелізм палес. схваці́ць ’зразумець, засвоіць’, серб.-харв. схва̏тити ’тс’ і пад., гл. Талстыя, Полес. сб., 10.