Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сухаду́шына ’ўдар кулаком у хрыбет, моцны ўдар’ (Нас., Бяльк.), ’сухотнік’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, утворана на базе прыметніка сухаду́шны ’слабасільны’ (Нас.), што да сухі́ ’слабы, хілы; пусты’, параўн. слабаду́шны, маладу́шны, рус. тщеду́шный ’слабасільны’ і пад., другая частка звязана з дух (гл.), параўн. слабы́ ду́хам ’няўстойлівы, падатлівы’. Значэнне ’ўдар’, відаць, на аснове ду́хам ’мігам, хутка’, адны́м ду́хам (ды́хам) ’раптам, за адзін раз’ (ТСБМ), гл. таксама дыхаць; да семантыкі параўн. польск. suche razy ’біццё без крыві’.

*Сухае́жка, сухое́жка ’сухамятка’ (ТС). Да сухі (гл.) і ежа ’яда’, параўн. сухая ежа (яда) ’тс’ (Некр. і Байк.); самастойнае ўтварэнне, параўн. рус. сухоядение ’тс’, балг. сухоя́жбина ’тс’, макед. сувојадење ’тс’ і пад.

Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.

Сухазе́лле ’нейкая расліна (?)’ (Я. Купала), ’цмін пясчаны, Helichrysum arenatum (L.) D. С.’ (гродз., Кіс.; Расл. св.). Магчыма, са спалучэння ⁺cyxo‑ (< *ѕuxъ, гл. сухі) і зелле (гл.), параўн. пустазелле (< + пусто‑зелье); значэнне ’сухі’ адпавядае знешнім фізічным якасцям расліны, параўн. іншыя назвы сухадо́лька, сухалёткі ’тс’ (Расл. св.), польск. suche ziele ’сушаніца’ і пад.

Сухазе́мны ’сухапутны, характэрны для сушы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), сухазе́мʼе ’цвёрдая зямля, суша’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З суха‑ (гл. сухі) і зем‑ (гл. зямля), аналагічна да чарназемны, чарназемʼе.

Сухазло́тка ’тонкія пласцінкі золата для аздобы, сусальнае золата’ (Гарэц.), параўн. укр. сухозоло́тица ’тс’. Відавочна, па фанетычных прыкметах паланізм; параўн. сухапазлача́ны ’колер фарбы пад золата’ (Варл.).

Сухале́снік ’брызгліна, Euonymus europaea L.’ (гродз., Кіс.). Несумненна, звязаны з сухале́с ’сухія дрэвы ў лесе’, сухале́ссе ’сухі хваёвы лес (без забалаццяў)’ (Янк. 3.), сухолес́ок ’сухое месца, грудок’ (люб., Сл. ПЗБ), сухо́лесок ’сухое месца сярод балота, парослае лесам’, сухоле́сок ’лісцевы лес на роўным ці ўзвышаным месцы’ (палес., Талстой, Геогр.), што да сухі і лес, гл. Матывацыя назвы расліны няясная (Янышкава, Этимология–1985, 46), магчыма, паводле месца, дзе часцей за ўсё сустракаецца, або ў выніку збліжэння з сухалі́снік, назвай расліны (?), пераклад рус. сухоли́стник (Некр. і Байк.).

Сухало́м1 ’рэўматызм, раматус’ (Касп.). Складанае слова, утворанае з асноў слоў сухі і ламаць, што адлюстроўвае працяканне хваробы, параўн. ламаць ’аб тупым, працяглым болю ў касцях’ (гл.); першая частка звязана з унутраным (без рэзкіх знешніх праяў) характарам хваробы, параўн. яшчэ ст.-слав. соухъ ’пазбаўлены жыццёвых сокаў, высахлы, безжыццёвы, хворы’, гл. сухі.

Сухало́м2 назва некаторых раслін, у тым ліку ’шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (Сл. ПЗБ, Кіс., Дэмб. 1), ’павіліца, Galium verum L.’ (Дэмб. 1, Кіс.), ’палын, Artemisia campestris L.’ (Кіс., Дэмб. 1), параўн. укр. сухоло́м ’шабельнік балотны’. Да сухалом1 паводле лекавых уласцівасцей, параўн. іншую назву палыну — касталом (Кіс.). Гл. ЕСУМ, 5, 488.

Сухало́м3 ’зламаныя і высахлыя дрэвы’ (Юрч. СНС). Ад сухі і ламаць, гл.; параўн. бурало́м ’лес, дрэвы, паламаныя бурай’ (ТСБМ). Магчыма, звязана з народнымі замовамі, пры якіх адсылаюць хваробу на сухі лес (вынік пераносу на лес хваробы, у прыватнасці, раматусу?). Гл. сухолом1.

Су́хам ’сушай, па сухому месцу, сухапутна’ (Нас., Бяльк.), сухамо́м, су́хама ’ўсухамятку’ (Мядзв.). Дэрываты ад *cýxa, су́хо наз. ’суша’ (ТС): су́хам з’яўляецца Тв. скл. гэтага назоўніка, сухамо́м мае падвойны канчатак ‑ам/‑ом; слова су́хама ўтворана па аналогіі прысл. на ‑ма тыпу бегма, паколькі яны ўтвараюцца толькі ад дзеясловаў.

Сухаме́цце ’сухамятка’ (Касп.), сухамя́ціца ’тс’ (Мат. Маг.). Гл. сухам.