Сухало́м1 ’рэўматызм, раматус’ (Касп.). Складанае слова, утворанае з асноў слоў сухі і ламаць, што адлюстроўвае працяканне хваробы, параўн. ламаць ’аб тупым, працяглым болю ў касцях’ (гл.); першая частка звязана з унутраным (без рэзкіх знешніх праяў) характарам хваробы, параўн. яшчэ ст.-слав. соухъ ’пазбаўлены жыццёвых сокаў, высахлы, безжыццёвы, хворы’, гл. сухі.

Сухало́м2 назва некаторых раслін, у тым ліку ’шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (Сл. ПЗБ, Кіс., Дэмб. 1), ’павіліца, Galium verum L.’ (Дэмб. 1, Кіс.), ’палын, Artemisia campestris L.’ (Кіс., Дэмб. 1), параўн. укр. сухоло́м ’шабельнік балотны’. Да сухалом1 паводле лекавых уласцівасцей, параўн. іншую назву палыну — касталом (Кіс.). Гл. ЕСУМ, 5, 488.

Сухало́м3 ’зламаныя і высахлыя дрэвы’ (Юрч. СНС). Ад сухі і ламаць, гл.; параўн. бурало́м ’лес, дрэвы, паламаныя бурай’ (ТСБМ). Магчыма, звязана з народнымі замовамі, пры якіх адсылаюць хваробу на сухі лес (вынік пераносу на лес хваробы, у прыватнасці, раматусу?). Гл. сухолом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)