Перало́гі ’эпілепсія’ (жыт., Арх. ГУ), перэло́га, перэло́гі ’ліхаманка’ (часцей у праклёнах), пераложаны ’хворы на ліхаманку’ (ТС), перэло́гі ’хвароба на жывот у коней і буйной рагатай жывёлы’ (мазыр., З нар. сл.), ’рожа ў свіней’ (стол., ЛА, 1), пэрэло́гі ’хвароба свойскай жывёлы’ (Сл. Брэс.), ’курч, сутарга’ (Нар. лекс.), пералога ’нягоднік’, пераложны ’нядобры; прыпадачны’ (жыт., Арх. ГУ; Мат. Гом.); пераляга́ць: пераляга́е ’шкодзіць’, параўн. у фразе: лішняе, можа, зʼеў, дак яму і пералягло́. Укр. перело́ги ’курчы, сутаргі ў скаціны’; рус. перело́ги ’запор у дзяцей; болі ў жываце (у жывёлаў)’, ’хвароба жывёл, калі перастаюць хадзіць заднія ногі’, ст.-слав. прѣлогъ ’дызентэрыя’. Прасл. *per‑logъ, Да пера- і ляжа́ць (гл.), параўн. даляга́ць ’балець, турбаваць, шкодзіць’ (гл.). Сюды, відаць, каш.-славін. parłąga ’назойлівасць, дакучлівасць’, вытв. parłąžëc są ’надаядаць, прыставаць’, што да *legti (Варбат, Слав. языкозн. IX, 66–67).
Пераложак ’вузкі праход па засеяным полі’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Паводле ілюстрацыі, маецца па ўвазе мяжа, якая ў параўнанні з засеяным полем з’яўляецца фактычна вузенькім пералогам. Да пералог (гл.).
Пераломіца ’няшчасце (у праклёнах)’ (пух., Сл. ПЗБ), перало́ма ’пустата’, на першым гумне салома, на другім — пералома (гом., Мат. Гом.), ’гвалтоўная перамена парадкаў’ (тамсама), ст.-рус. переломъ ’назвы розных хваравітых станаў (XVI ст.). Да пера- і ламаць (гл.), параўн. перало́ма ’рэзкая змена, пералом’ (Юрч. СНЛ).
Пералу́пы (пырылу́пый) ’пярэсты’ (брэсц., ЖНС). Да пера- і лупі́ць (гл.) — ад апошняга ўтварэнне луп‑(ы) набыло значэнне ’вынік пасля біцця ці аблуплівання, здзірання скуры, шалупіння — пасы, пісагі’. Параўн. укр. закарп. перелу́пий ’раздзелены напалам’, ’двухколерны’, перелупи́ти ’пераламаць’ і польск. przełup ’адламаны кавалак, злом’.
Пералю́бка (піралю́бка) ’асоба, якая парушае шлюбную вернасць’ (слаўг., Нар. словатв.). Укр. перелю́б(ки) чини́ти ’пралюбадзейства рабіць з кім-небудзь’, серб.-харв. пр́љуб(а), макед. прељуба, ’тс’. Відаць, са ст.-слав. прѣлюбы дѣяті, творити ’тс’. Суфікс ‑ка, як у лю́бка 1 (гл.).
Пералю́бнае ’самае смачнае; тое, што хочацца есці’ (калінк., З нар. сл.), пералю́бны ’найлепшы, прыгожы’, ’любы, усялякі’ (Ян.). Відаць, яшчэ прасл. *per‑ljubьnъ ’надзвычай мілы, любімы’. Да пера- (са значэннем празмернасці) і *ljubьnъ, (параўн. рус. пск., цвяр. лю́бный ’які больш падабаецца’, ст.-польск. lubny ’мілы, прыгожы’, чэш. мар. libný, ľubný ’тс’, ст.-слав. любьнъ ’любімы, мілы’, дзеепрыметнік ад *ljubiti, гл. любі́ць.
Пераля́к ’перапалох’ (слонім., Станк.; Нар. Гом.; Бяльк., Растарг.), у выразах: з пераліяу (Нар. Гом.), од пырыля́ку, пярэ́ляку (брэсц., ЛА, 3). Укр. переля́к, рус. пск., смал., бранск., пенз. переля́к ’перепалох, страх’, польск. przeląk ’перапалох, страх’, славац. preľakaný ’напалоханы’, preľaknutie ’перапалох’. Да прасл. *per‑lękъ > пера- і ляк 1 (гл.).
Перамага́нне (пірімыга́ньня) ’перамога’ (Бяльк.), польск. przemaganie, чэш. přemáhání, славен. premáganje. Да перамага́ць < пера- і магчы́ (гл.). Магчыма, яшчэ праслав. *per‑magati (як *po‑magati), параўн. укр. перемага́ти(ся), рус. перемога́ть(ся), польск. przemagać (się), чэш. přemáhati (se), славац. premáhať (sa), славен. premágati, серб.-харв. према́гаты ’перамагаць’.
Перамагчы́ся (пырымогты́сь) ’ператаміцца’ (кам., ЖНС), кобр. пэрэмугты́ ’пашкодзіць, натрудзіць руку работай’ (Нар. лекс.). Польск. przemóc się ’вы́сіліцца, сарваць сабе сілу’. Польск.-зах.-палес. ізасема. Да пера- і магчы́ (гл.).
Перама́начка фальк. ’той, хто ўмее спакусіць, прывабіць да сябе’ (Нар. Гом.). Да пера- і мані́ць (гл.). Суфікс з ласкальным значэннем — спецыфіка фальклору (песні).