Пералог ’луг сярод поля ці сярод лесу’ (Шат.), ’аблога’ (Нар. Гом.), ’ялавіна’ (не сеіць год ці два) (стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. перелі́г ’некалькі гадоў неапрацоўваемая зямля’, рус. перело́г ’парослая травой ці лесам зямля’, ’незаараная палоска раллі’, польск. przełóg, чэш. příloh, славац. prieloh, славен. prélog, prẹ́log, серб.-харв. prijȅlog, макед. прелог, балг. пре́лог. Прасл. *per‑logъ; да пера- і ляжа́ць (гл.), бо зямля “пералежвае” (Лекс. Палесся, 42); Банькоўскі (2, 861) мяркуе, што зыходнае значэнне ў польск. przełożyć ’пераўтварыць пашу ў раллю’; параўн. адло́г ’пакінутая (“адложаная”) зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)