Су́рык ’мінерал, у склад якога ўваходзіць свінец’, ’мінеральная фарба чырвона-карычневага колеру’ (ТСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 95), магчыма, праз рус. су́рик з грэч. συριχόν ’сірыйскі фарбавальнік’, фіксуецца з 1679 г. Аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 806.
Суры́ць ’рабіць смецце’, ’траціць грошы’ (Нас.). Гл. сур; магчыма, зыходная форма для апошняга, узнікшая ў выніку фанетычных працэсаў, характэрных для ўсходнемагілёўскіх гаворак (параўн. Мугілёў ’Магілёў’ і пад.).
Сурэніца (суреница) ’вежавіца, Turitis glabra L.’ (Меер Крыч.). Няясна (памылкова запісанае сурэпіца, гл. наступнае слова, аднак падобных назваў для ўказанай расліны не адзначана).
Сурэ́па ’пустазелле з жоўтымі кветкамі’ (Сцяшк., Мат. Гом.), сурэ́пка ’пустазелле свірэпа’ (Цых.), сурэ́піца ’рапс’ (Ласт.). Параўн. укр. суріпа, сурі́пиця ’тс’ і ’свірэпа’, рус. суре́па, суре́пка, суре́пица ’свірэпа’. Гл. свірэпа; варыянтны пачатак слова тлумачыцца наяўнасцю паралельных зыходных форм прыметніка *svirěpъ/*surěpъ ’дзікі, раз’юшаны’, параўн. рус. свире́пый, суре́пый ’тс’, балг. свире́п, дыял. суря́п, зуре́пав ’раз’юшаны’ і пад. Семантыка слова на базе ’дзікая, некультурная расліна’, гл. Мяркулава, Этимология–1994, 78; інакш — з су- (са значэннем няпоўнага падабенства) і рэпа (гл.) — тлумачыць адпаведныя формы Пічхадзе (Новое в рус. этим., 1, 229), што адлюстроўвае падабенства лістоў розных раслін да лісця рэпы, параўн. рапак, гл. Гл. яшчэ Жураўлёў, Язык и миф, 373.
Су́р’я, су́рыя зборн. ’смецце’ (Мат. Маг.). Гл. сур.
Су́са ’наўскач’: кабылка прэ cyca (Сержп. Казкі), даў cyca ’задаў стракача’ (Сержп. Прымхі). Запазычана праз польск. sus, szus ’доўгі скачок’ з ням. Schuss ’скок’ (Брукнер, 558; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 376; ЕСУМ, 5, 481). Магчыма, пасрэдніцай выступала мова ідыш, параўн. sus ’конь’ (Астравух, Ідыш-бел. слоўнік, 726), гл. таксама Штэрн, Wörterbuch, 211.
Суса́к ’вадзяная ці балотная расліна, Butomus L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’банцушнік парасонавы, Butomus umbellatus L.’ (Некр. і Байк.). Цюркізм, але дакладная крыніца не вызначаны Мяркулава (Очерки, 55–56) параўноўвае з баш. сǝскə ’кветка’, чув. çеçке, тат. сǝсǝк ’тс’, таму што расліна цвіце прыгожымі ружовымі кветкамі; як вадзяная расліна звязваецца з тур. susak ’вядро, коўш’, кірг. сууса ’хацець піць’, тат. сусау ’тс’ (Дзмітрыеў, Строй, 544). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 482. Беларускае, відаць, з рускай.
Сусве́т ’увесь свет’, ’зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй’, ’асобная частка сусвету’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), сусьве́т ’усясвет, космас’ (Ласт., Яруш.; Беларусіка, 14, 225), сусве́тный ’усясветны; з усяго свету першы’: сусветны злодзей (Нас.), сусве́тны (сусьве́тны) ’усясветны’, ’што паходзіць з белага свету’ (Гарэц., Яруш., Ласт., Варл.), ’касмічны’ (Беларусіка, 19, 226), сусве́цце ’людзі, наезджыя адусюль’ (Барад.). Рус. сусве́тный ’агульны, усясветны’. Відаць, з першаснага усясвет (гл.), што з’яўляецца калькай ням. Weltall ’сусвет’ < Welt ’свет’ і all‑ ’увесь’, з заменай уся‑ на су- са значэннем сукупнасці (гл.).
Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti (sę) ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.
Сусе́к ’засек, аруд’ (Ласт., Сцяшк.), су́сек ’тс’ (Растарг.), сусека (сусѣка) ’тс’ (Шымк. Собр.). Рэдкі архаізм, звычайна засек, гл. Ужо прасл. *sǫsěkъ, параўн. укр. дыял. сусі́к, стараж.-рус. сусѣкъ, рус. сусе́к, польск. sąsiek, старое sousek, чэш. дыял. súsek, славац. súsek ’драўляная пасудзіна для мукі’, балг. дыял. со̂сек, съ́сек; ад *sъ‑sěkti ’ссячы разам’ (Борысь, Prefiks., 99–100). Фасмер (3, 809) выводзіць ад *sǫ‑ ’су-’ і sek‑ (гл. сячы). Гл. яшчэ Бярнар, Бълг. изсл., 250 і наст.