Збаўля́ць ’вызваляць, ратаваць’ (Нас.). Рус. избавлять ’тс’, укр. збавляти ’змяншаць, траціць’, параўн. вибаваляти ’ратаваць’, польск. zbawiać ’вызваляць, ратаваць’, ’адабраць’, чэш. zbaviti, славац. zbaviť, славен. izbáviti, серб.-харв. ѝзбављати, балг. изба̀вям, макед. избави. Ст.-слав. избавлꙗти. Ст.-рус. избавляти. Ст.-бел. избавляти, збавляти (Скарына). Параўн. ст.-бел. выбавити (Скарына). Наяўнасць паралельнай формы з вы‑ дае падставу лічыць рус. избавить стараславянізмам (Шанскі, 2, И, 19). Узвышаная семантыка, чаргаванне збавіць — збавляць у карысць ст.-слав., а не польск. паходжання бел. лексемы. Разам з тым нельга выключыць агульнаслав. і прасл. характар лексемы. Jьz‑bav‑i‑ti прэфіксальнае ўтварэнне; bav‑ — каўзатыў да byti. Гл. бавіцца, быць, Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 219–220; БЕР, 2, 16; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 101.
Збло́ціць ’змучыць, зняважыць’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. zblocić ’запэцкаць балотам, граззю’, прэфіксальнага адназоўнікавага дзеяслова да błoto ’гразь’; гл. балота.
Зблы́ндацца ’ўступіць у любоўную сувязь’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. блы́ндаць ’бадзяцца’ з тлумачэннем праз лат. blin̑da ’бадзяга, валацуга’. Але прыведзенае значэнне таксама нагадвае польск. błądzić ’блудзіць’, якое магло ў сувязі з экспрэсіўным значэннем змяніцца па форме. Параўн. яшчэ блэ́ндаць.
Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск. (з зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.
Збоіч ’планка для ўмацавання красён’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. збоїч ’тс’ (Грынч.) ’прылада для патаўшчэння палатна’. Аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад збіць (sъ‑biti) ’паяднаць’; гл. біць, бой. Параўн. у Даля тлумачэнне: сбройник ’усякая прылада для шчыльнага збою, змацаванне чаго-н.’ «Варстат збіваецца збоічамі». Суф. ‑іч, як і ў некаторых іншых назвах прылад (Сцяц., Афікс. наз., 45). Параўн. збовіч ’навой; вал, па якому ідзе палатно пры тканні’ (Сл. паўн.-зах.), дзе няясна ‑в‑ і семантыка; магчыма, нейкая кантамінацыя.
Збратдзеці ’дваюрадныя стрыечныя браты, сёстры’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Зрашчэнне дакладна перадае значэнне (стрый — брат бацькі): дзеці братоў. З‑, відаць, указвае на паходжанне, брат можна тлумачыць як стары р. скл. мн. л. слова брат (’з братоў дзеці’).
Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрід ’зборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.
Зброй ’свавольнік’ (Нас.). Параўн. брой, бройка ’тс’ (Нас.); гл. броіць ’сваволіць’, адкуль з прэфіксам зброіць. Прасл. корань *broj‑ ітэратыў да briti (гл. брыць) ’рэзаць’. Магчыма, аднак, што ў зброй адлюстравалася уздзеянне (кантамінацыя) слоў з тым самым значэннем зброд (гл.) і збой (ст.-рус. XV ст. събои ’разбойнік’, укр. збій, польск. zbój ’разбойнік’, чэш., славац. zboj ’разбой’, бел. збойца ’разбойнік’ (Нас.), дзе корань бой, біць, гл.).
Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.
Збрусава́ць ’патаўсцець, зацвярдзець’, збруснець ’зацвярдзець’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. брусянець ’напухнуць’, брузнуць ’таўсцець’. Значэнне ’зацвярдзець’ — абазначэнне з’явы, што адбываецца побач з напуханнем, а ’патаўсцець’ — фактычна сінонім да ’напухаць’. Не выключаны пры фарміраванні значэння ’зацвярдзець’ народна-этымалагічныя асацыяцыі з брус (гл.). Гл. таксама Лучыц-Федарэц (Бел.-рус. ізал., 64).