Ву́ська ’жэрдка, якая ляжыць на стыку дзвюх крокваў’ (Шатал.). Няясна.
Ву́ськаць ’падбухторваць, павучаць; цкаваць’ (Яўс.). Ад вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’, рус. усь ’тс’, укр. усь ’тс’, па паходжанню алегра-форма ад кусь (‑кусі) (Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1 (1949), 187; адносна суфіксацыі гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 67 і наст.).
Ву́сьпіткам, вы́сьпіткам ’нагой’ (калінк., З нар. сл.). Параўн. укр. вуспятки, успятки, якое з няпэўным значэннем ’абцасы’ прыводзіцца ў Грынч. Гл. вы́спятак.
Ву́сьцебнуць ’выпрагчы з ярма’ (мазыр., З нар. сл.). Гл. вы́сцебнуць ’тс’.
Ву́сьцельга ’«вяз», які звязвае «галоўку» полаза з першым (пярэднім) капылом у санях’ (Янк. I, 53), ву́сьцеглі ’тс’ (але адна ву́сьцельга, КСТ). Параўн. палес. усця́гля, уся́гля ’тс’ (Маслен.), дзе не адбылася перастаноўка зычных у апошнім складзе і можна ўзнавіць першапачатковую форму з коранем сцяг‑; у такім выпадку ўнутраная форма слова ’тое, што сцягвае’ (галоўку полаза з капылом); параўн. іншую назву гэтай дэталі сця́га (гл.).
Ву́сьцень ’вусце’ (Бяльк.). Ад ву́сце, аформленае прадуктыўнай суфіксацыяй на ‑ень (Вярхоў, Аб нек. асабл., 33 і наст.); да лакатыўнага значэння параўн. мсцісл. за́расцень ’зараснік’.
Ву́сяка ’вось, якраз’ (Шат.). Са спалучэння вось як шляхам універбацыі, лабіялізацыі о ў пазіцыі пасля в і далучэння прыслоўнага суфікса ‑а; параўн. ту́та (< тут), та́ма (< там) і г. д., або ад вось пры дапамозе «пустога» суфікса ‑ка, як ву́нека ад вунь; параўн. авосе́ка ’вось’ (Шуба, Прыслоўе, 62; Карскі 2-3, 69).
Ву́сякацца ’высмаркацца’ (Янк. II, Мат. Гом.). Гл. вы́сякацца ’тс’.
Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.
Ву́сяльніца ’вусень’ (навагр., Жыв. сл.). Да ву́сеніца (гл.); адносна суфіксацыі параўн. вучальнік (з вучаннік?).