Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Буя́к ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883); ужо ст.-бел. (Булыка, Запазыч.). Булыка (Запазыч., 54) лічыць ст.-бел. слова запазычаннем з польск. bujak ’тс’ (ад bujać; але параўн. і славац. bujak ’бык’, якое Махэк₁ (50) лічыць вытворным, метатэзай, з *buhaj, з ад’ідэацыяй да bujný). Слова гэта, аднак, ёсць у зах.-рус. гаворках і ў зах.-украінскіх. Таму не выключаецца, што яно ўтворана ад буя́ць (гл.) ’рыкаць, гудзець’ або буя́ніць ’шалець’. Параўн. буя́н ’бык’. Гл. яшчэ Лабкоў Бел.-польск. ізал., 70–72 (і карту 1).

Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.

Буя́н1 буе́н ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883), буя́н ’бык’ (Дразд.). Бясспрэчна, звязана з буя́ць ’бушаваць, шалець, буяніць і да т. п.’ Форма буя́н вельмі падмацоўвае вывядзенне буя́к ’бык’ таксама ад буя́ць. Гл. яшчэ Лабко, Бел.-польск. ізал., 70–72.

Буя́н2 ’птушка бык’ (Дразд.). Ад буя́н ’бык’. Параўн. іншыя назвы гэтай птушкі: буга́й, бык.

Буя́н3 ’дэбашыр’, буя́ніць. Рус. буя́н, буя́нить і г. д. Шанскі (1, Б, 243) лічыць буян уласна рускім словам, вытворным ад буй ’смелы і да т. п.’ Але хутчэй буян, буяніць — утварэнні ад буяць ’бушаваць, шалець і г. д.’ прынамсі на бел.-рус. моўнай тэрыторыі.

Буя́ніць. Гл. буян3.

Буяра́к сухі дол’ (Яшкін). Таго ж паходжання, што і байрак1 (гл.).

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.