Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́былец ‘туземец, мясцовы жыхар, абарыген, аўтахтон’ (ТСБМ, Гарб., Нас., Некр. і Байк., Яруш., ЛА, 3), тубы́лец ‘тс’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́быліц ‘тс’ (Бяльк.), сюды ж ту́былнык ‘мясцовы жыхар’ (Клім.), ту́бельцы ‘карэнныя жыхары’ (Жд. 3), ту́былнэц, ту́былнык ‘тутэйшы’ (стол., Нар. лекс.); ту́болец, ту́бэлэц, ту́былнык (палес., ЛА, 3), ст.-бел. тубылецъ ‘карэнны жыхар пэўнай мясцовасці’ (ГСБМ). Паводле Жлуткі (174, 175), апошняе адпавядала юрыдычнаму мясцоваму лац. incola ‘тубылец, тутэйшы, карэнны жыхар’ або indigena ‘тс’ і ‘нованабілант; шляхціц-іншаземец’. З польск. tubylec ‘тс’; Кюнэ (111) выводзіць са ст.-польск. tu і bydliciel ці іншага назоўніка, утворанага ад bydlić ‘пражываць, жыць’, а не być, што не бясспрэчна, параўн. ЕСУМ (5, 667), гл. таксама тужылец. Сюды ж тубы́ліца ‘мясцовая жыхарка’ (Байк. і Некр.), тубы́льны ‘аўтахтонны’ (там жа), ту́былный ‘мясцовы’ (кобр., Ск. нар. мовы). Гл. таксама тубалка.

Ту́быль ‘мноства, грамада’: вы́дзьвінулі ту́быльлю на луг — зу пуўдня сена схвацілі (Юрч.). Няясна. Магчыма, балтызм, параўн. літ. tūlýbė ‘мноства’ з перастаноўкай зычных. Параўн., аднак, фармальна і тэрытарыяльна блізкія, але адрозныя па семантыцы рус. дыял. ту́боль ‘смецце, адходы’, ‘лухта’, ту́баль ‘глупства’, ту́больный ‘бесталковы, дурны’ (СРНГ).

Ту́быць ‘назва зёлкі’: вуньдзіка — тубыць, а гэта прастрэл (ад апуду) (мёрск., Наша слова, 2008, 7 траўня). Несумненна, суадносіцца з іншымі назвамі лекавых ці чароўных раслін нітубіч, нятубіц і, мажліва, нятупнік (гл.), табуізаваныя назвы якіх шыфруюць іх месцазнаходжанне і прызначэнне; *‑ту(т) быць — літаральна ‘якая тут павінна знаходзіцца’.

Тубэ́льны ‘перакананы’ (Мат. Гом.). Няясна; магчыма, звязана з польск. tubalny ‘гучны, зычны, прарэзлівы’ (Варш. сл.) з семантычным пераходам ‘гучны’ > ‘перакананы (які гучна адстойвае свае погляды)’, што, відаць, да tuba ‘музычны інструмент’, гл. туба.

Тубяро́за ‘дэкаратыўная расліна Polyanthes tuberosa L.’ (ТСБМ), тубэро́за ‘тс’ (Некр. і Байк.): tuberozy pyšny ćviet (Т. Падзява). Запазычана праз польск. tuberoza ‘тс’ з ням. Tuberóse як частка лацінскай навуковай назвы са значэннем ‘пакрытая бугаркамі’ (ЕСУМ, 5, 666).