Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Мадрава́ць, драг. модро̂ва́тэ ’дурэць, сваволіць, забаўляцца’ (Нар. лекс.). Укр. мудрова́ти ’мудрыць, мудрагеліць’, польск. mądrować і г. д. Да мудрава́ць (гл.).

*Мадрашчы́, драг. мо̂дрошчі́ ’пыхлівыя выдумкі, жарты’ (Нар. словатв.), укр. мудрощі ’хітрамудрыя выдумкі, прыёмы’, ’мудрагелістыя рэчы, цяжкія для разумення або выканання’ з му́дры.

Маду́нкі ’язмін, Philadelphias tenuifolius Rupr. et Мах.’ (пруж., Жыв. сл.) — у выніку другаснага ацвярдзення губных (Карскі, 1, 326) з мядункі (гл.).

Мадыгава́цца ’вырабляць, крыўляцца’ (Шат.), ’важнічаць’, ’убірацца, прыгожа апранацца’ (дзятл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’прыладжвацца, прымошчвацца’ (дзярж., Нар. сл.), стаўб. мадыгава́ць, мадыголіць ’прыладжваць, падганяць адзенне’ (Жыв. сл.). Відаць, ад ⁺мадыга (аб суфіксе ы́га гл. Сцяцко (Афікс. наз., 182) < модны, параўн, рус. перм. модя́га ’франт, фарсун’. Пасля адбылося збліжэнне з лексемай мадырава́цца1 (гл.) паводле аднолькавай семантыкі і блізкага фанетычнага гучання.

Мадыгава́ць ’рамантаваць; рабіць, складаць як-небудзь’ (слонім., Нар. лекс.), мадарава́ць ’даводзіць да ладу’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відаць, балтызм. Параўн. літ. madarúoti ’халтурыць, ляпаць, mãdaras ’халтуршчык, бракароб’, ’дрэнная работа’.

Мадырава́цца1, мадэравацца ’ўбірацца’, ’важнічаць’, ’манернічаць, крыўляцца’ (паст., шчуч., шальч., швянч., Сл. ПЗБ). З польск. moderować (się) ’тс’, у якім зліліся дзве лексемы: 1) moderować (się) ’стрымліваць, лагодзіць, заспакойваць’, а таксама ’майстраваць, будаваць, перарабляць, халтурыць’ < лац. moderāri, 2) moderować (się) ’элегантна апранацца’, ’прыхарошвацца’, ’манернічаць, крыўляцца’, ’зацягвацца ў карсет’ < miderak, midorak, minderak < нем. mieder ’гарсэцік, жакетка’.

Мадырава́цца2 ’дурэць’ (віл. Нар. сл.) утварылася ў выніку збліжэння лексем мадырава́цца і *мадрава́ць (гл.).

Мады́стка ’якая шые моднае жаночае адзенне і галаўныя ўборы’ (ТСБМ) з франц. modiste праз польск. мову. Да мода (гл.)

Мадэль ’макет чаго-небудзь’, ’узорны экземпляр новага вырабу’, ’тып, марка, узор канструкцыі’, ’схема з’явы або фізічнага аб’екта’ (ТСБМ). Запазычана з рус. модель < ням. Modelle < франц. modèle < італ. modello, якое з’яўляецца памяншальнай формай modo < лац. modus ’спосаб’, ’мера’. Магчыма і другаснае запазычанне (XX ст.) з рус. мовы (гл. Фасмер, 2, 636; Махэк₂, 371; Голуб-Ліер, 318; Брукнер, 342). Параўн. таксама мо́дэль (гл.).

Мадэрава́ць ’уладкоўвацца’, ’дагаджаць’, ’імкнуцца ўцячы’ шальч., швянч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. модеровати ’атрымліваць’ (пач. XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. moderować ’тс’, ’размяркоўваць, заспакойваць’ (Булыка, Запазыч., 205), якое з лац. moderāri ’кіраваць, стрымліваць, рэгуляваць’.

Мадэрн ’дэкадэнцкі напрамак у архітэктуры і мастацтве на мяжы XIX і XX стст.’, (разм.) ’што-небудзь сучаснае, моднае’ (ТСБМ). Еўрапейскае слова, запазычанае з рус. модерн < фр. moderne ’самы новы, сучасны’ (Лёхін, 456).