Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Людскавацца ’выстаўляцца для агляду, на людзі’ (КТС, М. Лужанін), ’быць сярод добрых людзей, у добрым таварыстве’ (Шат.). Адпрыметнікавае рэгіянальнае ўтварэнне. Да лю́дскі. Сюды ж людскаваць ’быць у прыязных адносінах’ (КТС, І. Гурскі), людскаваты (КТС, А. Кулакоўскі).

Людска́я ’памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. людска́я ’тс’.

Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Лю́дства ’чалавецтва, народ’ (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш.). Укр. людство, рус. людство, польск. ludztwo, в.-луж. ludstwo, чэш. lidstvo, славац. ľudstvo, славен. ljȗdstvo, серб.-харв. љу̀дство. Прасл. lʼudьstvo. Да люд, лю́дзі (гл.). Аб суфіксе ‑ьstvo гл. Мее (Общеслав., 296).