Зялі́ць ’надакучаць, дурыць (у выразе зяліць галаву)’ (бялын., Янк. Мат.). В.-луж. zelić ’крычаць, праклінаць, лаяцца’. Шустэр–Шэўц (Этимология, 1970, 89), які не ведаў бел. адпаведнік, збліжаў в.-луж. слова з і.-е. коранем *gal‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 250) і параўноўваў з улікам чаргавання галосных, а потым зычных з бел. галіць ’падганяць’, рус. галиться ’насміхацца’, чэш. háliti ’гучна смяяцца’. Наяўнасць бел. адпаведніка можа і падмацаваць прасл. этымалогію, але, магчыма, тут больш новае ўтварэнне — дзеяслоў ад зелле (в.-луж. zelo ’лячэбная расліна’) ’уздзейнічаць зеллем’. Параўн. соль і саліць (перан.). Нельга выключаць і адасобленасці бел. і в.-луж. лексем. Параўн. яшчэ заліць 1.
Зяме́ц ’пчаляр’. Ад *zem‑ (гл. зямля) з суфікса ‑ец паводле спосабу размяшчэння вулляў на зямлі, а не на борцевых дрэвах (Нас., 208; Сл. паўн.-зах.; Мацкевіч, З нар. сл., 210). Слова пашырана ў мін., маг., гом. гаворках.
Зямля́. Рус., укр. земля́, польск. ziemia, серб.-луж. zemja, палаб. ziḿă, чэш. země, славац. zem, славен. zémlja, серб.-харв. зѐмља, балг. земя, макед. земја. Ст.-слав., ст.-рус. землꙗ. Прасл. zem‑ja (параўн. корань *zem‑: зямны, чарназём), літ. žẽmė, лат. zeme, ст.-прус. semme ’зямля’, сюды ж літ. žẽmas, лат. zems ’нізкі’, ст.-перс. zam ’зямля’, грэч. χαμαί ’на зямлі’, χαμηλός ’нізкі’, лац. humus ’зямля, грунт’. І.‑е. *gʼhđem ’зямля’ (Покарны, 1, 414) ці *dh(e)gʼhom (Іванаў, ВСЯ, 2, 8, па Крэчмеру) з улікам хец. dakam, тах. A tkam, тах. B kem, грэч. χθών ’зямля’. Шанскі, 2, З, 87; Фасмер, 2, 93; Мартынаў, Лекс. взаим., 143; Махэк₂, 714; Скок, 3, 649–650; БЕР, 1, 634–635; Траўтман, 369.
Зяні́ца ’зрэнка’. Рус. зени́ца, укр. зіни́ця, чэш. zenice, славен. zęníca, серб.-харв. зе̏ница, зје̏ница, балг. зенѝца, макед. зеница. Ст.-слав., ст.-рус. зѣница. Прасл. zěnica ад zěn‑a з суф. ‑ica. Пра *zěn‑ гл. зенкі; гл. яшчэ ззяць, зрэнкі. БЕР, 1, 635.
Зяпа ’пашча’. Рус. дыял. зяпа калуж. ’рот’, дан. ’крыклівы чалавек’, серб.-харв. зја̑п ’адтуліна’. Параўн. зіепа́ті ’ледзь дыхаць’ (Сл. паўн.-зах.), віц. зіпа́ць ’раўці’ (Касп.). Параўн. славац. ziapať ’крычаць, раўці’, балг. зяпам ’стаю з адкрытымі вуснамі’, макед. зјапа ’ззяць (быць адкрытым)’, рус. зя́пать, зепа́ть ’зяваць, крычаць’, укр. зіпа́ти ’крычаць’, польск. ziepać, zipać ’цяжка дыхаць’. Зяпа — бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *зяпа́ць ’адкрываць (пашчу)’ < прасл. zěpati. Параўн. літ. žiopsóti ’быць разявакай’, ст.-ісл. geipa ’балбатаць’, нарв. geipa ’адкрываць’, ням. geifen, geipen ’быць разявакай’. І.‑е. аснова тая ж, што ў зяваць, ззяць, зяхаць (гл.) з пашырэннем ‑p‑: *gʼhoi‑p‑, *gʼhei‑p‑. Фасмер, 2, 94–95; БЕР, 1, 671.
Зяўно́, зяўна́, зя́ўны, зя́ўні ’сківіца, рот’ (Сл. паўн.-зах.). Утворана з суфіксам ‑н‑ (як калена, руно, ст.-слав. стьгно) ад зеў (< зяваць), гл. Славен. адназоўнікавы дзеяслоў zẹ́vniti ’зяваць’ указвае на магчымасць, што ‑н‑ было яшчэ ў прасл. мове. Літ. žiànos ’жабры’, дыял. ’рот, губы’ — роднаснае ўтварэнне. Параўн. зеўра з суфіксам ‑р‑.
Зяўры́ць, зе́ўраць ’быць адкрытым (пра адтуліну)’ (ТСБМ, З нар. сл., Жыв. сл.). Рус. маск., заурал. зеврить ’сачыць’. Ад назоўніка зеўра ’адтуліна’ з адназоўнікавым дзеяслоўным суфіксам ‑i‑ti > ‑ыць (адлюстраваным у безнаціскным складзе як ‑аць). Параўн. зеў, ззяць.
Зяха́ць ’зяваць’ (ТСБМ), ’цяжка дыхаць’ (Сцяшк.). Рус. дыял. зеха́ть пск., цвяр. ’крычаць’, пск. ’ілгаць, трызніць’, цвяр. зе́хать, зёхать ’глядзець’; параўн. укр. позіха́ти ’зяваць’, славен. zéhati ’зяваць’. Ст.-рус. зеха ’разява’ (1679 г.). Прасл. zěxati ўтворана на той самай аснове, што ževati (гл. зяваць): *zě‑ < і.-е. *gʼhoi‑, gʼhēi‑ ’быць пустым’ прадстаўлены і ў ззяць. Паводле Скока (3, 656), зычны х < і.-е. *sk, адлюстраванага ў лац. hisco ’раскрывацца’. Не выключана, што х з аорыста.
Зяць ’муж дачкі’. Рус., укр. зять ’муж дачкі, сястры, залоўкі’, польск. zięć, палаб. ząt, чэш. zeť, славац. zať, славен. zèt ’муж дачкі’, серб.-харв. зе̏т, балг., макед. зет ’муж. дачкі ці сястры’. Ст.-слав. зѧть. Ст.-рус. зять. Прасл. zętь. Літ. žéntas ’зяць’, лат. znuôts ’зяць, сваяк’, грэч. γνωτός ’сваяк, брат’, ст.-інд. jñātíṣ ’сваяк’. Да і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’, адкуль *gʼenǝt‑. Трубачоў, История терм., 128–131; Фасмер, 2, 112; Шанскі, 2, З, 116; Махэк₂, 715; Скок, 3, 651–652; БЕР, 1, 636–637. Шаўр (Etymologie, 56–59) звяртае ўвагу на верагоднасць сувязі *zęt‑ з пастуляваным Іллічам–Світычам (Проблемы индоевр. языкозн., 1964, 7) і.-е. *gʼam‑ ’жаніцца’, не выключаючы разам з тым сувязі з і.-е. *gʼen(ǝ) ’нарадзіць — ведаць ад нараджэння’, на якую указваў Ісачанка, Зб. Гаўранку, 125–127 Трэба ўлічваць гіпатэтычнасць пабудовы Ілліча–Світыча, які лічыў, магчыма, што і.-е. корань < сяміцк. *d̯‑m, які этымалагізуецца праз ’запрагаць’.