Дубі́ца ’човен, выдаўбаны ў выглядзе карыта’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. дыял. дуби́ца ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 91), да прасл. *dǫbica (< *dǫbъ ’дуб’), якое азначае розныя рэаліі (агляд матэрыялу ў Трубачова, там жа, але без бел. лексемы).
Дублі́раваць ’дубліраваць’. Рус. дубли́ровать. Відавочна, запазычанне з рус. мовы (дзе слова ўзята з франц. doubler ’тс’). Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 202.
Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.
Дубрэ́ць ’рабіцца цвёрдым’ (Касп.). Няясна. Магчыма, архаізм (з тэарэтычнага прыметніка *dǫbrъ ’дубовы’ > ’цвёрды’; параўн. прасл. *dǫbrъ у Трубачова, Эт. сл., 5, 95).
Дубэ́льтка ’дубальтоўка, двухствольная стрэльба’ (Сцяшк., Касп.). Відавочна, як і дубальто́ўка (гл.) ’тс’, запазычанне з польск. мовы. Параўн. кантэкст (пад паяды́нька, гл.): «У брата паядынька (< польск. pojedynka — Р. К.), а ў мʼмнʼе дубельтка на два ствалы» (Сцяшк.).
Дубэ́льты ’другія рамы’ (БРС, Сцяшк., Жд. 2). Запазычанне з польск. мовы (dubelt ’удвая’; аб паходжанні гл. пад ду́бальт).