Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Ві́лачка, ві́лочка ’прылада для вязання сеткавага палатна’ (нараўл., З нар. сл.) — дэмінутыў да ві́лка (гл.).

Ві́лачкі ’кліны ў баках ніжняй часткі верхняга адзення’ (Малч.); ’частка калаўрота ў выглядзе двухзубай жалезнай вілкі, на якую надзяюць шпульку’ (мін., барыс., Шатал.; лаг., КЭС), вылочкы́ ’маленькія вілы’ (Выг.). Дэмінутыўная форма лексемы ві́лкі (гл.), чыстая — у лексемы вылочкы́, з пераносам значэння — у ві́лачкі.

Ві́лачнік1, ві́лашнік, ві́лышнік ’палка; цаўё, шасток, на якія насаджваюць вілы ці вілкі’ (БРС, КТС, Бяльк., Мат. Гом., Янк. I, лаг., КЭС; Касп., Выг.; бых., бялын., Янк. Мат.), палес. вілочнік ’вожаг’, ві́лошнік ’частка калаўрота, на якой трымаюцца «вілкі» (Уладз.). Вытворныя ад прыметніка вілачны і суф. ‑ік. Да ві́лы, ві́лкі (гл.). ‑Ш‑ у гукаспалучэнні ‑шн‑ замест ‑ч‑ з’яўляецца характэрнай рысай усходнебеларускіх гаворак.

Ві́лачнік2 ’вугал ля печы, дзе стаяць вілы, ажогі, качэргі і інш.’ (БРС, КТС; бых., Янк. Мат., Інстр. I, Касп., Мат. Гом.) да вілачнік1; тут маецца семантычны перанос значэння слова з суф. ‑нік (Nomen actionis перайшло ў Nomen loci).

Віленка ’посцілка, тканая на нейкі ўзор’ (КТС, Р. Сабаленка). Утворана шляхам лексічнай кандэнсацыі ад віленская посцілка пры дапамозе прадуктыўнага суф. ‑к‑а.

Віле́я ’апошні дзень перад святам ці нейкім здарэннем’ (лаг., КЭС). Да ві́лія < вігі́лія < польск. wigilia.

Ві́лівок ’яйка з вельмі слабай шкарлупой’ (мазыр., З нар. сл.). Да вы́лівак (гл.).

Віліна ’крывуліна, скрыўленне’ (Юрч., Фраз., 1) — сінгулятыўны назоўнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑in‑а, відавочна, ад *vil‑a, роднаснага з такімі лексемамі, як вілы (гл.), віліць (гл.).

Віліно́к ’птушка велічынёй з жаваранка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, суадносіцца з літ. žvilúoti ’гайдацца, хістацца, калыхацца’, lingúoti ’разгойдацца, раскалыхацца, разгушквацца, ківацца’.

Ві́ліца ’драўляны ручны чаўнок для вязання рыбалоўных сетак’ (Крыв.), вы́лицы ’вілападобны чаўнок’. Польск. widlica ’вёска, якая складаецца з дзвюх вуліц’; ’заканчэнне на рагах аленя’, в.-луж. widlica ’зуб вілак’, widlicy ’вілкі, аглобля’, чэш. widlice ’вілка, вілкі’, славац. vidlica ’вілка, разгалінаванне вілкі’, славен. vílice, мн. л. ’вілы’, серб.-харв. ви̏лица ’відэлец, вілка’, макед. вилица, балг. вилица ’тс’. Прасл. vidl‑ic‑a. Да вілы (гл.).

*Ві́ліцы, драг. вэ́лыцэ; мн. л., ’сківіцы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), серб.-харв. ви̏лица ’тс’. Прасл. vidlica. Да ві́лы (гл.).